Мне на суд трапіў опус беларусаў Among Gods, меладычнага дэт метал гурта зь Менску, як вы ўжо зразумелі па прэамбуле, з жаночым экстрым вакалам. Што ж, нават да праслухоўваньня, пабачыўшы тэг жанру, я адразу зразумеў, што мяне чакае. Так, гэта так названы беларускі Арч Энемі з Аганістам у адным флаконе. Прыемна разумець, што музыкі ўзялі на сябе адказнасьць цягнуць лямку ў гэтым адказным і дужа нялёгкім метал-асяродзьдзі, таму што каб быць пасьпяховым у такім стылі, трэба быць цікавым канкурэнтаздольным гуртом, са сваімі фішкамі ды інавацыямі. Альбо іх чакае незайздросная будучыня – кануць у Лету, як ужо канула бязьмежная колькасьць female-fronted бэндаў.

Традыцыйна пачнем нашу рэцэнзію з вокладкі і назвы кружэлкі. Назва “The Feeding of Cruelty” дае нам зразумець, што нас чакае шмат бязьлітаснасьці ды агрэсіі, чалавечай абыякавасьці, помсты, прыкідваньня ды крывадушнасьці. Вокладка адпавядае атмасферы – дзяўчына зусім не зь дзіцячым тварам, з акрываўленым нажом ды плюшавай цацкай, чым ня сімвал раней агучаных тэрмінаў? Відаць, бацькі не дазвалялі ёй глядзець “Лунціка”, каб тая не пашкодзіла сваю дзіцячую псіхіку, аднак было ўжо занадта позна, але гэта не дакладна!)

Музычная частка вельмі парадавала, і альбом адпавядаў узроўню вопытных і больш сталых замежных калег. Запіс працы і ўсе наступныя студыйныя працэсы прайшлі на высокім узроўні, што прымушае мяне зьняць капялюш перад музыкамі, за тое, што не пасаромілі мой улюбёны фундаментальны жанр. Уплыў Arch Enemy настолькі бачны, нават калі глядзець скрозь пальцы. Эматаўскія мелодыі ды гармоніі кранулі маю душу менавіта там, дзе спатрэбілася, і я расплыўся ў задаволенай усьмешцы, якая часам зьнікала ад ужо зьбітых клішэ ў гітарных хадах ды ад манеры сьпеву і вымаўленьня замежных словаў вакалісткай, якая, як выявілася, ужо сышла з гурта, а на яе месца прыйшла новая, так сказаць, сьвежая кроў.

Альбом у цэлым прыйшоўся па нутры, але ж не пакідала пачуцьцё, што ён месцамі прасядае нават аж у самых крутых і драйвовых песьнях, але я спадзяюся, што ўсе памылкі, якія музыкі самі вылучылі ў сваёй дэбютнай працы, яны з гонарам выправяць у наступным альбоме, захаваўшы першазданную прыгажосьць некаторых хітоў з “The Feeding Of Cruelty”. Такіх я абраў для сябе даволі нямала. Сярод іх “Vengeance”, “Nasty Blood”, “Frozen Heart”, “Young Warrior”,”Nightly Ghost", “Rise up” ды “Galactic Abyss”, і па сваім унутраным перакананьні, што калі падабаецца хоць палова песень з альбому, то альбом удаўся, лічу гэты твор “маст хэв” і раю хлопцам і дзяўчынкам далейшых посьпехаў. Мая зусім няскромная адзнака для “The Feeding of Cruelty” 9 зь 10, дзе адзін бал даў авансам з намёкам на будучыню.