Музыка зрабіла велізарны крок, калі Майкл Гордан Олдфілд з кружэлкай “Tubular Bells” абвесьціў новы парадак стварэньня музыкі – інструменты накладаліся адзін на другі. Да гэтага для запісу выкарыстоўвалі адначасовы джэм-сэйшн усяго гурта, як кажуць, “запісвалі пачкам”.Сёньня ў металічнай галіне музычнай прамысловасьці найбольш паказальны ўплыў такога шляху запісу інструментаў (і ня толькі іх) адчуў металкор і блізкія да яго стылі. Аб адным з такіх металкоравых альбомаў і пойдзе гаворка.


Калі на пытаньне “гітары чуеш?” вы, паважаныя чытачы, адкажаце “так”, я буду ўпэўнены ў адваротнасьці вашага вердыкту. Тое ж самае можна сьмела сказаць і пра астатнія інструменты. Гэта такі трэнд сёньня – рабіць арыентаваную на жывыя пляцоўкі музыку, “музыку для арэн”, як кажуць заходнія калегі па пяру. Такія творы даюць магчымасьць адыграць амаль усю кружэлку цалкам – гэта энергетыка, грув, хістаньне, што там яшчэ кажуць?Thy Storyteller чэрпае натхненьне з калодзежа на заходнім баку – гэта бачна па яркіх фарбах, якімі абмаляванае музычнае палатно пад назвай “Novelette”, па роўным спляценьні атмасферных партый чорна-белых клавішаў з гучнымі і бадзёрымі хадамі па грыфе майстроў шасьціструннай электрагітары, па вялізнай колькасьці гучных, і ня вельмі, партый вакалу і бэк-вакалу. Мы з вамі бачым новую старонку на беларускай коравай пляцоўцы, і трэба чакаць, у што ператворыцца гэты, пакуль яшчэ лёгкі, ветрык. Тарнада? Сьмерч? Чакаем! Слухаем і чакаем!На маю думку, гэта вялікі штурхель для беларускага андэграўнду! Вы мяне зразумееце, калі вы зь ліку тых, хто слухаў сусьветныя рэлізы апошніх гадоў у гэтым стылістычным напрамку. І справа ня толькі ў “стэрыльным” і моцным гучаньні! Гэты запіс не абышоўся без гасьцей – падтрымку, ня толькі маральную, аказалі музыкі такіх монстраў беларускай цяжкай сцэны, як Aspirin Rose і Ash&Skies. Вы, мае сябры, добра ведаеце гэтых мамантаў беларускага кору – а гэта вельмі добрыя навіны, калі альбом ўяўляе сабою сплаў вопыту і супрацоўніцтва. Добрыя рэчы, як гаворыцца, павінны распаўсюджвацца!Калі ўглядацца ў матчастку, то тут я буду лаканічны: зьвядзеньне на ўзроўні, сьпевакі выклаліся на ўсе сто адсоткаў, гітары гучаць як трэба, сэмплы – вельмі эпічна і атмасферна. Мне чамусьці прыйшла ў галаву песьня “Ariel” гурта Rainbow, яна, нягледзячы на тое, што выкананая ў іншым стылі, выклікае падобныя настроі.Хлусьня, калі я буду казаць, што апладзірую стоячы. Але ня ў гэтым сабака закапаны! У Сярэднявеччы каб перайсьці ад чалядніка да майстра, трэба было зрабіць так званы “шэдэўр”, які паказваў неабходны ўзровень для пераходу на наступную прыступку. Такім чынам, будзем спадзявацца, што гэты альбом быў зацішшам перад бурай, а мабыць, (гэтага жадаю хлопцам) шэдэўрам!