Імя: Іван Селішчаў

Месца працы: Дырэктар канцэртнай агенцыі Wake Up!, па сумяшчальніцтве там жа і прадакшн-мэнэджэр, гітарыст гурта "Петля пристрастия".

Ранейшыя пасады: Спачатку я вучыўся ў школе, потым я вучыўся ва ўніверсітэце, у МДЛУ, які я шчасна ня скончыў. Сышоў на 4-м курсе, мне надакучыла. Я працаваў кладаўшчыком, грузчыкам, перакладчыкам, працаваў на будоўлі, працаваў сэсійным музыкам, і ужо апошнія 8 гадоў я займаюся канцэртамі.


Хобі: Спаць, вельмі шмат спаць, часам я магу спаць 14 гадзін, напрыклад, бо калі рыхтуешся да нейкага важнага канцэрту, за тры дні можаш паспаць усяго 8 гадзін, тады хочацца максімальна выспацца. Плюс я займаюся бегам. Я не марафонец, маю на ўвазе, што я ня бегаю марафоны. Мне, канечне, вельмі хацелася б, але падрыхтоўка патрабуе дастаткова шмат часу, якога не хапае, а часам, магчыма, проста лянота. Але я, ня толькі ўлетку, але і зімой, стараюся выбягаць у бліжэйшы парк.

- Можна ж і на марафоне бегчы мінімальную дыстанцыю :)

- Ну гэта ж не цікава. Я звычайна бегаю 7-10 кіламетраў, і бегчы 3 кіламетры на марафоне – гэта неяк... Там жа як: ёсьць паўмарафон – гэта 21 кіламетр, а цалкам марафон – гэта 42 кіламетры. Маленькія дыстанцыі на паўмарафоне – гэта хутчэй апраўдальныя дыстанцыі. Для тых, хто вельмі хоча, але ня можа. Але кожны ставіць для сябе нейкія мэты. Таму аднойчы я прабягу-такі марафон.

Улюбёныя напой і страва: Я вельмі люблю піць віно. Асабліва чырвонае сухое віно. Пераважна італьянскае і іспанскае. Вельмі люблю нефільтраванае пшанічнае піва, калі выбіраць. А пакушаць я ў прынцыпе люблю. Таксама люблю гатаваць сам. Але самае ўлюбёнае, бадай... ёсьць такая страва, якая называецца "Сэйтан". Гэта клейкавіна ў чыстым выглядзе: замешваецца цеста, а потым пад вадой вымываецца зь яго ўвесь крахмал, і застаецца клейкавіна. Яму потым надаецца пэўная форма, і ў марынадзе ўсё гэта варыцца (соевы соус, шмат спецый, лаўровы ліст). Гэта некалькі гадзін выварваецца ў марынадзе, таму што фактычна цеста само па сабе ня мае смаку: што ты пакладзеш у марынад – такога смаку яно і будзе. І вось гэта адна з маіх самых любімых страваў.

Улюбёныя гурты і гурты, якія паўплывалі на творчасьць: Такіх гуртоў зашмат, таму што я стараюся не абмяжоўваць сябе нейкім адным музычным напрамкам. Я слухаю абсалютна ўсё. На маё музычнае разьвіцьцё паўплывала вельмі шмат фактараў, пачынаючы з маіх бацькоў, якія былі музыкамі... У два гады, у тры гады я чуў Джо Кокера, таму што у маіх бацькоў была вялізная калекцыя вінілу, пачынаючы з Джо Кокера – заканчваючы Led Zeppelin, The Beatles... Я вырас на добрым, якасным року. Маімі кумірамі ў дзяцінстве былі Джымі Хендрыкс, Джымі Пэйдж – такі класічны джэнтэльменскі набор – Deep Purple, Black Sabbath, The Beatles – у Бітлз я ўвогуле ведаю ўсе песьні на памяць. Натуральна гэта ўсё вельмі моцна на мяне паўплывала. Гэта ня можа не паўплываць. Я дагэтуль, празь 10 гадоў, уключаю альбом Deep Purple – у мяне мурашкі па скуры – вось настолькі гэта ўсё геніяльна зроблена. Потым, недзе напачатку 90-х я пачуў гурт Nirvana... Тут я ўжо зразумеў, што ёсьць нешта іншае, ня толькі класічны рок. Пасьля гэтага майму бацьку ягоны студэнт прывёз з Канады, здаецца, цэлую папку з дыскамі. Ён проста выкінуў скрынкі і буклеты ад іх, а дыскі пакінуў. Ну каб менш барахла везьці. І там былі ўжо і Body Count, Alice in Chains, Soundgarden, Rage Against the Machine, Red Hot Chili Peppers. Першы дыск, які я паставіў, ён проста быў першы ў гэтай папачцы, – гэта быў дыск Soundgarden – Superunknown. І вось я тады, мякка кажучы – ну вось гэта вельмі добра апісвае мой тадышні стан – я а***ў. Я не ўяўляў, што можна граць музыку вось так цяжка, з такой гістэрычнай нават, у нейкім сэньсе, эмоцыяй. Гэта было для мяне вельмі цяжка, і я альбом гэты заганяў проста да дыр. Я ведаю яго цалкам на памяць. Таму што папярэдняя і наступная творчасьць Soundgarden мяне ўвогуле не кранула. Альбом Superunknown для мяне стаў такім нейкім пераломным момантам. Пасьля Soundgarden я ўжо паслухаў Red Hot Chili Peppers, якія таксама надоўга сталі маім любімым гуртом. Першапачаткова гэта была тая музыка, якая паўплывала, а потым я пачаў слухаць усялякі панк-рок, хардкор. Ну і гэта таксама, нават не з музычнага пункту гледжаньня, а з пункту гледжаньня нейкіх жыцьцёвых поглядаў, аказала на мяне вельмі моцны ўплыў. Прывяло да пэўных вырашэньняў, жыцьцёвых выбараў, якія я зрабіў і якіх дагэтуль прытрымліваюся. 

Роля ў музычнай плыні: Я флагман беларускай музычнай індустрыі... жарт, канечне :) Я займаюся арганізацыяй канцэртаў – гэта адзін бок майго жыцьця. Я музыка, я гітарыст. На дадзены момант граю ў гурце "Петля пристрастия". Дагэтуль прымаў удзел у велізарнай колькасьці самых розных гуртоў. Быў такі момант, калі я граў адначасова, здаецца, у сямі гуртах. У мяне было па дзьве рэпетыцыі ў дзень, практычна кожны дзень. Тыя гурты, што, скажам так, пакінулі свой крок: я граў у гурце Devil Shoots Devil – гэта хардкор, панк; у калектыве Fuck It All, якому належыць гімн беларускіх хардкоршчыкаў – "Minsk City Hardcore"; таксама быў такі гурт, як Rise and Shine, вельмі, дарэчы, круты гурт – мне вельмі падабалася ў ім граць. Граў у Iris Seven. І вось апошнія 10 гадоў я гітарыст "Петли пристрастия". І гэта на дадзены момант мой адзіны музычны праект. Скажам так нават: гэта не праект, гэта ўжо частка жыцьця. 


Музычныя інструменты: У мяне ёсьць дзьве гітары. Адна гітара запасная. Epiphone Les Paul Standard, карэйскі, 2000 году. І мая асноўная гітара – гэта Gibson Les Paul Standard 1988 году. Камусьці падабаюцца новыя гітары, напрыклад. А я лічу, што каб гітара гучала, на ёй патрэбна граць. Прысутнічае ж нейкая фізіка, валокны дрэва неяк рэагуюць на вібрацыю. Новыя гітары вельмі часта не гучаць. Ёсьць такое паняцьце "разыграць". І мне, у прынцыпе, падабаецца, што ў гітары ёсьць нейкая гісторыя. Ня я яе першы ўладальнік, а на ёй дагэтуль граў нейкі чалавек у штатах. Мабыць, гэта быў нават умоўны Слэш. У мяне ёсьць два ўзмацняльнікі: Mesa Boogie Triple Rectifier – у душы я крыху металіст, люблю такі тлусты металёвы гук. Другі ўзмацняльнік – Orange Rockerverb MK II. Плюс я выкарыстоўваю ўсяго чатыры педалі. У мяне два аднолькавыя дылэі – Boss DD3, цюнер Korg'аўскі i Ibanez Tube Screamer, які называюць грэлкай. Я дастаткова лаканічны ў выбары педаляў. Мне, канечне, хацелася б пашырыць свой парк. З іншага боку, калі глядзіш, чаго зараз напрыдумлялі інжынеры-тэхнолагі, бярэш гэта ў рукі і думаеш: "Блін, колькі магчымасьцяў!". Проста губляешся ў гэтым лабірыньце: "А вось тут можна так! А не, лепей вось так! О, а можна яшчэ і вось так!" І ў выніку атрымліваецца, што магчымасьцяў куча, а ты іх не выкарыстоўваеш, таму лепш абмяжоўвацца старымі-добрымі штукамі, якія прыдумалі ўжо даўно. Я ў гэтым плане нейкі, скажам так, рэтраград. Я люблю, калі на сцэне громка мочыць, калі закладвае вушы. Усе гэтыя навамодныя дэвайсы – гэта, канечне, здорава, зручна, робіць жыцьцё прасьцейшым, але мне падабаецца цягацца са сваімі цяжкімі ўзмацняльнікамі ды кабінетамі.


- Чым знамянальны ваш шлях у музыку? Як вы трапілі ў Петлю пристрастия?

- Мой шлях у музыку быў прадвызначаны. У мяне не было іншых варыянтаў. Я зь дзяцінства сьпяваў. У восем гадоў я пайшоў у музычную школу. Я хацеў на гітару, але мяне туды ня ўзялі – сказалі, што ў мяне кароткія пальцы. У выніку я вучыўся на флейце і на фартэпіяна. Мне ня вельмі падабалася: я тры гады адвучыўся і сышоў. Пра гэта я не шкадую, бо музычная школа ўсё ж такі рыхтуе зь цябе выканаўцу, але не музыку. Ты вельмі круты выканаўца, але ў плане нейкай творчасьці... цябе заганяюць у рамкі. У 11 гадоў я своечасова зразумеў гэта і сышоў. На гітары я пачаў граць у 10 гадоў. Першай песьняй, якую я разабраў, была песьня гурта Creedence Clearwater Revival – Down on the Corner. Гэта была першая песьня, якую я cыграў на гітары. Я дагэтуль гэта памятаю. Першы выступ быў сыграны ў школьным гурце са старэйшым братам – мне тады было 11 гадоў. А першы клубны канцэрт я сыграў у 99 годзе. Гэта быў дзень нараджэньня Курта Кабэйна ў клубе Cosmopolitan. Ні клубу, ні будынку, дзе ён знаходзіўся, няма ўжо даўным-даўно. Мне было 13 гадоў.


А ў гурт Петля пристрастия я трапіў выпадкова. Мы ведалі адзін аднаго яшчэ да таго, як пачалі граць разам. ...Я ехаў у метро, выйшаў на станцыі "Кастрычніцкая" і пад мостам сустрэў басіста, вакаліста і іх тагачаснага гітарыста Сашу. А Сашу я ведаў, мы разам зь ім гралі ў іншым гурце. І яны мне кажуць: "Слухай, чувак, у нас тут другі гітарыст на гастролі зьехаў. Можаш яго падмяніць?" Потым гітарыст вярнуўся з гастроляў, мы спрабавалі граць у тры гітары, але гэта была нейкая лухта. У выніку гітарыст сышоў – і вось я там граю ўжо 10 гадоў. Проста сустрэў хлопцаў пад мостам.

- Публіка ведае вас ня толькі як музыку, але і як удзельніка канцэртнай агенцыі Wake Up! Як фарміравалася ваша каманда? Колькі ў ёй чалавек? 

- Нас трое – людзей, якія выконваюць асноўныя функцыі. Гэта я – я займаюся прадакшнам (узгадняю райдэры, шукаю спецыялістаў, якія ў дзень канцэрту займаюцца сьвятлом, гукам і інш.), гастрольнымі пасьведчаньнямі, перамовамі з клубамі – карацей, уся адміністрацыйная частка на мне, плюс тэхнічнае забясьпечаньне канцэртаў. Ёсьць Юра – ён букінг-агент, ён вядзе перамовы з гуртамі. Ёсьць Саша – ён займаецца фінансавай часткай. Гэта, вядома, умоўныя ролі: кожны з нас можа выконваць функцыі іншага чалавека. Таксама ў нас ёсьць яшчэ пэўная колькасьць людзей, каля 10-12 чалавек, якія нам дапамагаюць на канцэртах: стаяць на мерчы, клеюць бранзалеты на ўваходзе, выконваюць функцыі баунсераў (баунсер – гэта чалавек, які стаіць пад бар'ерам і здымае стэйдж-дайвераў, каб яны ня ўпалі ўніз). Як фарміравалася каманда? Першапачаткова гэта ўсё пачалі Юра і Жэня. Юра пачаў вазіць гурты, якія яму самому падабаліся, бо тады да нас прыязджалі толькі Ария, Motorhead ды Deep Purple, а нейкіх умоўна моладзевых стыляў практычна не было. Гэта было каля 10 гадоў таму. У той момант вельмі актыўна пачала разьвівацца металкор сцэна, людзі слухалі гэта, але ніхто такія гурты да нас не вазіў. Таму першай пара канцэртаў, якія рабіў Юра, былі канцэрты нейкіх польскіх металкор гуртоў.

А я трапіў у канцэртны бізнес крыху інакш. Мы зь Петлёй пристрастия выпусьцілі альбом у 2009 годзе, але ніхто так і ня ўзяўся зрабіць нам канцэрт-прэзентацыю. Тады быў клуб "Рэактар", яго дырэктарам быў Андрэй Валянцінавіч Старцаў. Я заручыўся падтрымкай з боку Максіма Старцава, яго сына, які на той момант быў арт-дырэктарам. І вось зь яго дапамогай мы зрабілі канцэрт, і рэзультат быў вельмі добры: 500 ці 600 чалавек было. Мы тады зарабілі на гэтым, і я падумаў, чаму б і не займацца канцэртамі. І потым, калі Юра прапанаваў мне удзельнічаць у арганізацыі Agnostic Front, я пагадзіўся. Тады мы яшчэ нічога пра гэта ня ведалі, было шмат касякоў з нашага боку. Але я зразумеў, што калі рабіць усё з галавой, то можна на гэтым зарабляць. І вось пакрысе, спачатку мы рабілі 5 канцэртаў за год, потым – 10, а потым гэта вылілася ў пастаянную працу. На дадзены момант я адзіны чалавек у нашай агенцыі, які займаецца толькі музыкай.


- Як вы вырашаеце, які гурт прывезьці? Грунтуецеся на чыстый логіцы і матэматыцы, ці інтуіцыя таксама грае сваю ролю?

- Калі ты столькі гадоў займаешся музыкай, то ў цябе зьяўляецца нейкая інтуіцыя, якая табе падказвае, што рабіць, а што не. Больш за тое, мы жывем ў сьвеце сучасных тэхналогій, калі можна паглядзець колькасьць слухачоў на Last.fm, Vk, колькасьць аудыазапісаў Vk. Ёсьць сайты, якія дазваляюць сачыць за тым, колькі чалавек з пэўнай краіны ці гораду, пэўнага ўзросту праглядзела нейкае відэа на Youtube. Акрамя таго, ёсьць сьцяна Vk, на якой часам просяць прывезьці нейкі гурт. І гэтым мы таксама кіруемся. Але гэта заўсёды латэрэя. 


- Што вы можаце назваць самым вялікім промахам і самай вялікай удачай у сваёй арганізатарскай дзейнасьці?

- Самым вялікім правалам у фінансавым плане быў канцэрт гурта Accept. За пяць гадоў да таго яны гралі ў Палацы спорту і сабралі каля трох тысяч. Мы думалі, што ўсё будзе ок, але ў выніку яны сабралі вельмі дрэнна – максімум 500 чалавек. Гэта быў наш самы вялікі "ўлёт". А самай вялікай удачай былі ўсе sold out-канцэрты: Enter Shikari, Asking Alexandria, Children of Bodom, Adam Gontier (з гурта Three Days Grace), Oxxxymiron (здаецца, sold out быў два разы).


- Надосталь цікавосткі: распавядзіце пра самыя незвычайныя пункты з райдэраў.

- Я вельмі рады, што я заўсёды працую зь вельмі адэкватнымі артыстамі, для якіх важны ня колер сьцен у грымёрцы, а тэхнічная частка. Яны заўсёды турбуюцца пра гук, пульты, узмацняльнікі і іншае. Але самае цікавае – гэта было ў гурта Adept – 12 пар чорных шкарпэтак. А яшчэ мы неяк прывозілі гурт Immanu El – ў іх райдэры былі мёд, імбір – ну гэта ня самы такі складаны пункт. Я ім кажу: "Хлопцы, вось мёд, імбір...". А яны: "А, так гэта нам ня трэба, гэта мы проста пішам, каб праверыць, ці чытаў арганізатар наш райдэр." Арганізатары, якія працуюць даўно, прывыклі, што ўсе райдэры даволі стандартныя, таму яны не зьвяртаюць увагу на нейкія асаблівасьці. Проста людзі, якія граюць рок-музыку, метал-музыку ці панк-музыку, калі гэта ня топ-каманды тыпу Bon Jovi ці Aerosmith, яны ўсе вельмі адэкватныя, бо яны прайшлі праз туры ў брудных аўтобусах і клубы, дзе залітая півам падлога ліпне да ног, яны ўсе просяць толькі тое, што ім насамрэч патрэбна. Цікава, што ёсьць артысты, у якіх стандартна ў райдэры на кожны канцэрт: "Вось нам трэба дзьве бутэлькі чырвонага віна, бутэлька віскі, джына і нешта яшчэ..." А некаторыя прапісваюць: "У панядзелак у нас віскі, у аўторак у нас джын, у чацьвер – гарэлка". У гурта Solstafir так было, у Moonspell, здаецца. У цэлым усё даволі адэкватна. 

Правілы, якія дапамагаюць па жыцьці

  1. Добра высыпацца.
  2. Рабіць толькі тое, што табе трэба. 
  3. Трэба рабіць так, як трэба рабіць, а як ня трэба рабіць – ня трэба рабіць (гэта словы Віні-Пуха).
  4. Жыві сам, але не перашкаджай жыць іншым – гэта самае важнае ў жыцьці.

Фота: palasatka, Паша Шумілаў, Лёша Варган, Кірыл Эдуардавіч