Імя: Сяргей Егарэйчанка

Таксама вядомы як: у музычным асяроддзі – як Athelas, у літаратурным – як De la Fere.

Месца працы: Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясьвіж”, намесьнік дырэктара па выставачных праектах і гісторыка-культурнай спадчыне.

Ранейшыя пасады: галоўны спецыяліст упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, начальнік навукова-асьветніцкага аддзелу музею-запаведніку “Нясьвіж”, малодшы навуковы супрацоўнік музею-запаведніку “Нясьвіж”.

Хобі: археалагічныя раскопкі, гуляцца з дачкой, графаманства.

Улюбёныя напой і страва: страва – смажаная бульба і хлеб на вогнішчы, напой – безалкагольны – квас, алкагольны – польская Soplica Malinowa.


Улюбёныя гурты і гурты, якія паўплывалі на творчасьць: Draconian!!! Мае 2006–2011 гады. Я, пэўна, быў адным з самых адданых фанатаў у Беларусі. Канцэрт у 2008 годзе ў Роўна (Украіна) – адзін з самых яскравых успамінаў. Шоў, якое адбылося толькі дзякуючы гераізму і патрыятызму арганізатара, загадзя стратнае, якое ў прынцыпе не магло адбыцца ў невялікім гарадку на канцэртным шляху гурта да Кіева, было адначасова самым крутым для мяне. Потым на ўкраінскіх форумах украінцы пісалі, што былі дужа ўражаныя беларусам у белай цішотцы (вядома, з Пагоняй), які ведаў назубок усе словы і хэдбангіў па-поўнай :)


Яшчэ адна любоў – фіны Sentenced. Мяне часта запытваюць, на які канцэрт я б дакладна схадзіў (а хадзіць у мяне не атрымліваецца ўжо некалькі гадоў проста фізічна – з-за месца працы, шалёнай загрузкі і сямейных справаў). Дык вось, я заўжды адказваю, што такі канцэрт ужо не адбудзецца – гэта менавіта яны, Sentenced, скончыўшыя сваё існаваньне ў 2005 годзе. Іх разьвітальны канцэрт у Оўлу я шмат разоў пераглядаў і вельмі шкадаваў, што не атрымалася падчас паездкі ў Фінляндыю трапіць на магілу Міікі Тэнкулы – аднаго зь лідараў гурта.

З іншых магу прыгадаць Amorphis, Antimatter, Dark Tranquillity, Empyrium, Forest of Shadows, Forest Stream, Medea, Moonspell, Opeth, Saturnus, Tiamat.

Зь беларусаў – Deadmarsh з альбомам “Грані” і гарадзенцы Medea з альбомам “Дэкаданс”. Калі ня браць метал, то Росы і Рокаш. Ну і ўкраінцы Тінь Сонця, зь лідарам якіх, Сяргеем Васілюком, я падтрымліваю цудоўныя сяброўскія адносіны ўжо шмат год.

Роля ў музычнай плыні: гітара, аўтарства часткі тэкстаў і часткі музыкі ў гурце The Dim Sun.


- З чаго пачалося тваё захапленьне музыкай, і як ты трапіў на сцэну?

- Пачалося, вядома, з настойлівага патрабаваньня да бацькоў набыць мне гітару :) спрабаваў займацца яшчэ ў пачатковай школе, але не пайшло. Вярнуўся да гэтай справы ўжо ў дзявятым класе, выцыганіў сабе гітару і пачаў вучыцца ўсяму сам. Спачатку гэта была акустыка, хутка захацелася нечага большага – і ў адзінаццатым класе выпрасіў ужо электрагітару. Першы раз на сцэну трапіў у тым жа адзінаццатым класе, калі дзеля нейкага мерапрыемства ў ліцэі мы скалацілі зь сябрамі ноўнэйм бэнд і адыгралі тры песьні. Тады і зацягнула) Ужо на першым курсе гістфаку знайшоў аднадумцаў і стварыў тое, што потым пачало называцца The Dim Sun, першы канцэрт якога адбыўся летам 2007 году. Гэта была клёвая гісторыя, якая цягнулася пяць гадоў, мы рабілі тое, што нам падабаецца, гралі на фэстах і дробных канцэртах, спрабавалі нешта запісваць (з гэтым атрымалася, на жаль, куды горш, чым з усім астатнім :) ), пісалі песьні і самі ладзілі канцэрты… У Dim Sun былі клёвыя людзі, зь імі было прыемна нешта рабіць. Але аднойчы гэта ўсё скончылася па шэрагу чыньнікаў, зь якіх ледзь не галоўным было тое, што я скончваў універ і зьязджаў працаваць у Нясьвіж, дзе і затрымаўся па сёньняшні дзень.

- Якое месца зараз займае музыка ў тваім жыцьці?

- Нам песня строить и жить помогаеееет. Зараз музыка больш не на першым плане, але калі я выходжу на вуліцу з сабакам і нацягваю слухаўкі, у якіх грае Sentenced, па целе дагэтуль бягуць мурашы. І гэта клёва. Хаця ў мяне, вядома, ёсьць нясьмелая мара, што аднойчы я змагу сабе дазволіць (у гэтае слова ўкладаецца адразу некалькі фактараў – геаграфічны, фінансавы, фактар наяўнасьці хоць якога вольнага часу) адрадзіць The Dim Sun і стартаваць яшчэ які-небудзь праект.


- Распавядзi, чаму ты вырашыў паступаць менавіта на гістфак?

- Калі аўтар пытаньня чакае рамантычных развагаў пра тое, што я шалёна цікавіўся гісторыяй зь дзіцячага садку, то іх ня будзе :) дарэчы, у дзіцячы садок я не хадзіў. Насамрэч я вучыўся ў Ліцэі №2 у профільным грамадска-гуманітарным класе, і гісторыя давалася мне лёгка. Гэта заслуга майго класнага кіраўніка, які быў адным з найлепшых настаўнікаў гісторыі ў Менску – Радзівонава Фёдара Васільевіча (тут такая рэклама, калі ў каго дзеці скончваюць дзявяты клас і ў іх ёсьць здатнасьці да гісторыі – вам туды :) ). Але я выбіраў для паступленьня ў ВНУ паміж псіхалогіяй і журналістыкай. Калі да мяне дайшло, што я ня здам біялогію, каб паступіць на псіхолага, а каб стаць журналістам, мне патрэбныя публікацыі, якіх у мяне не было, для мяне засталіся толькі адныя гасьцінныя дзьверы – гістфаку БДУ. Але я не шкадую, што так атрымалася.


- Як ты трапіў у Нясьвіж?

- Калі адкрылася пытаньне пра разьмеркаваньне (прывітаньне, бюджэт!), я ня думаў шмат. Адзін з маіх выкладчыкаў (на жаль, ужо адышоўшы Юры Бохан – фактычна заснавальнік беларускай школы зброязнаўства) неяк сказаў, што ў Нясьвіжы, дзе на той момант скончвалася рэстаўрацыя і пачыналася музеефікацыя, ёсьць некалькі адкрытых вакансій. Па цэлым шэрагу чыньнікаў мне вельмі хацелася зьехаць зь Менску, таму я патрапіў сюды, аб чым ніколі не шкадаваў. Я папрацаваў зь вялікай колькасьцю праектаў рознага ўзроўню складанасьці і маштабнасьці, атрымаў досьвед, які немагчымы дзесьці яшчэ ў Беларусі, пазнаёміўся з выдатнымі людзьмі.


- Якія свае праекты, калі можна так сказаць, у Нясьвіжскім замку ты лічыш сваім самым буйным унёскам у культуру Беларусі?

- Я б ня стаў пераацэньваць сваю ролю ў гісторыі :) Калі згадаць тое, чым я ганаруся, то гэта самы першы праект па музеефікацыі, зроблены фактычна з нуля – Паляўнічая зала і Арсенал Нясьвіжскага палаца. На працу было вылучана ўсяго некалькі месяцаў – фантастычны досьвед для маладога спецыяліста адразу пасьля разьмеркаваньня. Потым былі іншыя праекты, зь якіх найбольш значны, пэўна – гэта вывучэньне Радзівілаўскай калекцыі зброі і дасьпехаў. Каб было зразумела, на пачатак ХХ стагоддзя гэтая калекцыя была самай буйной і маштабнай у Еўропе, але калі я пачаў ёю займацца, пра яе амаль нічога не было вядома ў айчыннай гістарыяграфіі. Некалькі гадоў мы па крупінках зьбіралі інфармацыю пра прадметы з калекцыі, працавалі з такімі гігантамі музейнай справы, як Метраполітан у Нью-Ёрку, Мастацка-гістарычны музей Вены, музей Фітцвільяма ў Кембрыджы. Сёньня мы ведаем пра больш за сотню прадметаў з гэтага збору ў калекцыях больш дзесяці буйных музеяў за мяжой (сама калекцыя была часткова распрададзена на аўкцыёнах Christie’s у 1926–1927 гг., часткова нацыяналізавана і перададзена на кінастудыю “Савецкая Беларусь”, дзе яна проста не перажыла вайну). Мы рабілі запыты ў архівы Christie’s, і яны далі нам азнаёміцца з каталогамі распродажаў, дзякуючы чаму мы змаглі атрымаць уяўленьне аб маштабах калекцыі. Усё гэта стала базай для вялікай кнігі-альбому “Нясьвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Збор зброі і дасьпехаў”, якую мы выдалі ў мінулым годзе і якая атрымала значную дзяржаўную ўзнагароду, а таксама выклікала вялікую цікаўнасьць сярод профільных спецыялістаў у Еўропе. Дарэчы, дзякуючы гэтаму дасьледаваньню мы змаглі вярнуць у Беларусь адзін з дасьпехаў з той калекцыі празь 90 гадоў пасьля распродажу. Гэта стала вельмі значнай падзеяй для музейнай справы ў нашай краіне. У гэтым годзе, дарэчы, да нас на доўгатэрміновую выставу прыязджаюць некалькі прадметаў з гэтай калекцыі з музею Фітцвільяма ў Кембрыджы, і гэта таксама вельмі вялікае дасягненьне. 

Як бы там ні было, я магу сказаць, што як у студэнцкія часы, так і сёньня я займаюся металам, толькі ў іншай форме :)


Правілы, якія дапамагаюць па жыцьці

Як казаў спадар Эйнштэйн, “Genius rules over the chaos”. Няма ў мяне ніякіх правілаў.  Я проста жыву і радуюся свайму жыцьцю, сваёй сям’і, сваёй працы і, найперш за ўсё – сваёй дачцэ. Вось гэта ўсё рэальна мне дапамагае па жыцьці. А правілы толькі замінаюць :)