Імя: Зелянкевіч Алег Валер'евіч

Таксама вядомы як: Я не люблю мянушкі. Напэўна, я ўжо стары.

Месца працы: Буйное прадпрыемства па вырабе гібкай упакоўкі і этыкеткі. Нават ёсьць інфа, што найбуйнейшае ва ўсёй усходняй Еўропе. Працую там дызайнерам, малюю макеты. Але назву канторы "паліць" ня буду.

Ранейшыя пасады: Я па жыцьці штосьці малюю. Раней я таксама сядзеў і маляваў макеты, толькі офіс быў іншы. 

Хобі: Хэві метал, гісторыя, мовы, карацей, розная этнакультуралогія і антрапалогія. 

Улюбёныя напой і страва: Што дадуць. Абы ня рыба і не алкаголь. 

Улюбёныя гурты і гурты, якія паўплывалі на творчасьць: Blind Guardian, Ensiferum, Catamenia, Bal-Sagoth, Moonsorrow, Gods Tower, Atlantean Kodex, Manilla Road.


Роля ў музычнай плыні: На такія пытаньні, я думаю, павінен ня я адказ даваць. Бывае, я камусьці штосьці малюю, але якая ў мяне пасада і колькі зорак на пагонах я ня ведаю.

Ранейшыя ролі: Напэўна, лепей проста пералічыць: Wartha, Vojstrau. Але гэтыя гурты (гурт) і зараз жывыя. Наколькі гэта магчыма.

Музычныя інструменты: Я граю на варгане, гітар про і VST інструментах для разнастайных DAW.

- Якія ў вас зараз планы на Vojstrau? Даўно вас не чуваць.

- Даўно не чуваць, сапраўды. І за гэта сорамна, але выпраўляемся як можам. Рабі як можаш і хай будзе як будзе. Зараз дарабляем міні-альбом на тэму ўсходніх суседзяў, засталося пару дарожак дапісаць, а таксама ствараем паўнавартасны лонгплэй. Вітаўтас ужо запісвае гітары. Будзе нішцяк.

- Дзе вы шукаеце натхненьне, калі малюеце афішы і вокладкі для кружэлак?

- Напэўна, тут чакаецца штосьці душэўнае, пра сосны-бярозы, але я скажу так: калі гэта музло, проста просіш трэкі і сядзіш пад іх дубасіш арт. 


- Што самае нестандартнае вас прасілі намаляваць? 

- Нічога не магу ўзгадаць. Дакладней, нічога не магу вылучыць як нестандартнае. Адзін раз вельмі круты музыка з РФ папрасіў на вокладку паставіць мульцяшную рожу, якую ён намаляваў яшчэ ва ўніверы на палях канспекту. Напэўна, гэта можна палічыць як "нестандарт". 



- Ці пагадзіліся б намаляваць вокладку для рэп-альбому?

- Канешне. Хіп-хоп нічым ня горшы за хэві метал. Калі гэта нейкі трэп альбо хорар-хоп, то я толькі за. 

- Ад якой замовы вы б дакладна адмовіліся?

- Ад той, якую не змагу добра выканаць.

- Распавядзіце пра першую вокладку, якую вы намалявалі. Як гэта было?

- Гледзячы, што лічыць першым. Першае, што і ў вэбе было і ў друк пайшло, напэўна. Мне падаецца, гэта быў гурт Коло Прави. У іх ужо была нейкая вокладка, нейкі праект, матыў. У выніку дарабілі-зрабілі, падаецца, добра атрымалася для "першага" разу.


Ціпа правілы

  • Колькасьць сапраўдных прыродных цудаў значна большая, чым колькасьць цудаў, прыдуманых вышэйшымі прыматамі homo sapiens.
  • Лепшы варыянт вывучыць белмову – хадзіць з беламоўнымі каталічкамі на спатканьні.
  • Рабі як можаш і хай будзе як будзе. Ты толькі рабі.