Знаёмцеся, Вадзім Кандрацюк, барабаншчык у шматлікіх беларускіх метал-гуртах, сярод якіх Infestum, ID:Vision, Iratus Dominus, Sacramental Wine, Solarward, Amentia, Deathbringer, Nightside Glance і цяперашні драмер Exist M і Dwellstorm Borned.

Імя: Вадзім Кандрацюк

Таксама вядомы як: Forneus

Месца працы і пасада: Працую ў гандлі металам. Начальнік аддзелу гандлю ў ТАА «Металаптзбыт».

Ранейшыя пасады: Сьлесар МЗР 4 разраду, інжынер-тэхнолаг ліцейнай вытворчасьці, спецыяліст па продажах у ААТ «БЕЛМЕТАЛ».

Хобі: Акрамя музыкі я вельмі люблю гатаваць. Гатую нерэгулярна, але, як кажуць сваякі, вельмі смачна. Лічу кулінарыю яшчэ адным праяўленьнем творчасьці. А, як вы ведаеце, для любой творчасьці неабходна натхненьне. Калі прыгатаваньне ежы ператвараецца ў штодзённую руціну, гэта ўжо нецікава. Як правіла, у выходныя я стараюся прыгатаваць што-небудзь смачнае і шкоднае)). Галоўны аматар маёй гатоўкі — гэта мая дачка Аня. Яе любімая страва – курыныя крыльцы ў паніроўцы)).

Улюбёныя напой і страва: Любая вадкасьць, шмат якія стравы (гурман).

Улюбёныя гурты і гурты (музыкі), якія паўплывалі на творчасьць: З самага дзяцінства я быў прывучаны да добрай музыкі (дзякуй бацьку). Рускі рок (Кино, Наутилус), замежныя гурты і выканаўцы (Элтан Джон, Джордж Майкл, Патрысія Каас, Boney M і інш.). Падчас пераходнага ўзросту зьявіліся Queen, затым Metallica. Metallica, дарэчы, — гэта асобная размова… яе творчасьці было прысьвечана ой як шмат увагі. Экстрэмальныя барабаны і пачаліся менавіта зь «Мятлы». У той час, а гэта было мне недзе 15 гадоў, я толькі і рабіў, што грукаў дома па канапе самаробнымі палачкамі ўсе альбомы Мяталікі. Пазьней, я памятаю выдатна, як упершыню пачуў Cannibal Corpse. Я быў у шоку. Гэты вакал!!!!!! Жах!! Але потым уцягнуўся і пайшло: Death, Deicide, Vital Remains, Immortal, Gorgoroth, Cradle of Filth і г.д…  Астатнія наваліліся як сьнежны камяк, адкрываючы для мяне ўсё новыя гарызонты ў асваеньні барабанаў. Зараз любімых гуртоў няма. Ёсьць гурты і альбомы, якія сталі класікай, і няма сэнсу пералічваць іх. Ёсьць выдатныя, прафесійныя, талковыя метал- і ня метал-гурты, а ёсьць «аднадзёнкі», «прахадняк», якія слухаеш для фону. 

Роля ў музычнай плыні: Перайграў шмат у якіх гуртах. На дадзены момант пакуль спыніўся на трох праектах, на якія і так даводзіцца выкройваць час паміж працай і сям’ёй. Гэта Exist M, Dwellstorm Borned ды кавер-бэнд Blackout.

Ранейшыя ролі: Граў на барабанах у такіх гуртах, як Nightside Glance, Deathbringer, Amentia, Solarward, Sacramental Wine, Iratus Dominus, ID:Vision, Infestum.

Як і калі вы вырашылі стаць барабаншчыкам? Чаму менавіта ўдарка?

– Чамусьці менавіта сам рытм падабаўся ў музыцы. Бачыў па тэлевізары барабаншчыкаў, як яны сядзяць за сваімі барабанамі, так шмат у іх абсталяваньня ўсялякага, і іх заўсёды чуваць)). Так яшчэ здарылася, што мой сябра пайшоў у музычную школу па класе гітары. Ён вучыўся граць, а я прыязджаў да яго з самаробнымі палачкамі і падыгрываў, выбіваючы яго канапу. Дый слухалі мы тады адну музыку. Дарэчы, менавіта зь ім мы і стварылі свой першы сапраўдны гурт з сапраўднымі барабанамі, апаратам, гаражом.


«Замест талерак былі вечкі ад кансервавых бляшанак,
а замест педаляў – дзьве нажныя аўтамабільныя помпы»


– Чаго каштуе стаць барабаншчыкам? 

– Любая справа патрабуе намаганьняў ды руплівасьці. Усё залежыць ад таго, якія ты для сябе ставіш мэты, якія рамкі выбіраеш ці ўвогуле не абмяжоўваеш сябе рамкамі. Я б адказаў, што стаць ДОБРЫМ, калі хочаце, геніяльным барабаншчыкам, каштуе ЎСЯГО. Гэта зойме ЎВЕСЬ твой час і ЎСЕ твае думкі. Думаю, ігра на любым музычным інструменьце – гэта бяздонная бочка для ўдасканальваньня і практыкі. Няма меж для дасканаласьці, як кажуць. Канчатковы рэзультат будзе раўняцца намаганьням, якія на яго патрацілі. Калі я толькі пачынаў граць, так і было, што я, замест гуляньняў па вуліцах і дварах са сваімі равесьнікамі, сядзеў і лупіў па падушках ды канапах. Замест талерак, дарэчы, былі вечкі ад кансервавых бляшанак, складзеных адна на адну і насаджаных на металічны штыфт, а замест педаляў – дзьве нажныя аўтамабільныя помпы. Гэта былі гарачыя дні летніх канікул ці шэры навучальны год, няважна. Я толькі слухаў музыку і спрабаваў сыграць тое, што чуў, на імправізаванай устаноўцы. Безумоўна, усё цячэ, усё мяняецца... скончыў універ, праца, сям'я. Часу становіцца ўсё менш, але падарожнік адолее дарогу.

– Што, на ваш погляд, самае цяжкае ці непрыемнае ў жыцьці барабаншчыка, а што – самае прыемнае?

– Самае непрыемнае ў жыцьці барабаншчыка – гэта куча барахла, якое трэба насіць на рэпетыцыі. Даводзіцца вазіць на аўтамабілі, а гэта значыць – ніколі не папіць піўка пасьля рэпы))); зламаныя палкі, трэснуўшыя талеркі, сутарга ў назе, барабаншчыкі-ляўшы, якія выступалі да цябе.

З прыемнасьцяў магу адзначыць тое, што цябе, як правіла, заўсёды чуваць на канцэртах і што калі на сцэну выбежыць маньяк з нажом, наўрад ці ён дабяжыць да барабаншчыка, і ты пасьпееш схавацца ў нетрах грымёркі.

Больш ніякіх прыемнасьцяў няма))). Лепш абірайце вакал))

– Усё адразу пачыналася з року, ці вы спрабавалі і іншыя музычныя напрамкі?

– Так, усё пачыналася з року. Цяпер ужо з вышыні пражытых гадоў)))) я разумею, што ў барабанах няма стылю. Ёсьць проста барабаны і музыка, у якой ёсьць барабанныя партыі. Абсалютна ў любым музычным напрамку ёсьць афігенныя барабанныя фішкі. Пачынаючым барабаншчыкам я раю не зацыклівацца на адным стылі, а мысьліць шырэй. Чым, у прынцыпе, я і займаюся зараз з кавер-бэндам – спрабую пашырыць свае рамкі, навучыцца чамусьці новаму і паставіць ігру на барабанах на хоць нейкія камерцыйныя рэйкі.

– Ці зможа барабаншчык аднолькава добра раскрыць свае здольнасьці ў любым музычным напрамку? Можа, нейкія стылі больш патрабавальныя да тэхнікі? Калі так, то якія?

– Пры жаданьні, безумоўна, можна ў любым стылі дамагчыся посьпехаў. Было б жаданьне працаваць канкрэтна ў пэўным стылі. Усе думаюць, што экстрэмальны метал вельмі цяжка граць, адзін з самых цяжкіх стыляў. Але я так ня думаю. Можа, зь фізічнага пункту гледжаньня так і ёсьць. А так – больш як спорт: напрыклад, выдаць максімальна шмат нот у адзінку часу. І ты разьвіваеш у сабе гэтыя якасьці – хуткасьць, моц, роўнасьць, трываласьць. Усё. Гэта значыць – кожнаму сваё. Мне здаецца, што той жа джаз нашмат больш складана граць і зь фізічнага пункту гледжаньня (тая ж хуткасьць, каардынацыя рухаў, дынаміка), і з пункту гледжаньня творчасьці, напісаньня барабанных партый, палёту фантазіі. Але, думаю, шмат хто з джазмэнаў скажа: «Во як дае бластбіт у 240.»)))

– Ці часта даводзіцца адмаўляцца ад запрашэньняў на пазіцыю барабаншчыка?

– Пастаянна даводзіцца адмаўляцца. Пішуць і пішуць, таварышы. Нястача барабаншчыкаў назіраецца. Таму, калі вырашыце паступаць у музвучылішча, ідзіце на барабаншчыка))). Адмаўляцца даводзіцца па банальнай прычыне — «нястача часу». Была б мая воля, я б усюды граў і, пажадана, у гуртах з рознымі стылямі. Ну і калі ты граеш 18 гадоў, неяк ня хочацца ісьці ў гурт бясьпёрых бязвусых юнакоў))). Хаця, цяпер ёсьць такія вундэркінды, што трымайся. Цяпер усё стала прасьцей (кажу як стары дзед), на табе і інтэрнэт, і даступныя добрыя інструменты. Толькі грай ды разьвівайся.

– Распавядзіце пра самы цікавы выпадак са свайго музычнага жыцьця.

– Нічога цікавага не адбывалася: банальныя флэты пасьля канцэртаў, вандроўкі ў цягніках і бусах на канцэрты, нястрыманая весялосьць. А калі сур'ёзна, то больш за ўсё запомніўся тур з Rotting Christ па Расеі. Тады мы езьдзілі ў якасьці разагрэву для іх. Тады мы былі Iratus Dominus. Гэта быў такі досьвед, якога мы больш не атрымлівалі. Мы глядзелі на іх, як на настаўнікаў, паўбагоў))). Гэта была наша першая камунікацыя з крутым замежным гуртом. Навучылі грэкаў парачцы мацерных словаў, якія абазначаюць мужчынскія і жаночыя палавыя органы))). І яны потым пасьля кожнай фоткі з рускімі фанатамі паказвалі «казу» і казалі «….изда!!» и «…уй!!!», а мы рагаталі, як хворыя.


– Што б вы параілі юнакам, якія жадаюць стаць барабаншчыкамі?

– Пажадаю ісьці да сваёй мэты і не здавацца, нягледзячы ні на што. І гэта добры прынцып увогуле для ўсяго жыцьця. Таксама пажадаю: ідзіце ў музычную школу ці да выкладчыка і вучыцеся прафесійна. Сам шкадую вельмі, што не пайшоў у свой час. Там вы проста зэканоміце кучу часу, які патрацілі б ў тупых спробах авалодаць тым ці іншым прыёмам. 

– Калі пачынаць усё зноўку, паўтарылі б?

– Так. Паўтарыў бы ўсё, толькі яшчэ больш займаўся б любімай справай!!

Правілы, якія дапамагаюць па жыцьці

  • Стараюся ставіць сябе на месца іншых людзей.
  • Хачу пасьпець як мага больш зрабіць у жыцьці.
  • Спрабую навучыцца любіць людзей.
  • Знаходжуся ў заўсёднай барацьбе са сваёй лянотай і думаю, што ў мяне гэта няблага атрымліваецца.
  • Жывеш толькі раз, таму ня варта разьменьвацца на дробязі.
  • Шукайце магчымасьці, каб нешта зрабіць, а не адгаворкі, каб гэтага не рабіць.
  • Займайцеся любімай справай, нягледзячы ні на што.