Рубрыку, у якой будзем распавядаць пра музыкаў, арганізатараў, гукарэжысёраў і іншых людзей, якія неяк паўплывалі на разьвіцьцё беларускай метал-сцэны. Нашым першым героем стаў таленавіты і перспектыўны хлопец. Дарэчы, у яго сёньня дзень нараджэньня, з чым мы яго віншуем і жадаем посьпехаў і творчай актыўнасьці.


Імя: Валерый Машэль

Мянушка: Выліваха / Валерка / Коцік

Месца працы: 10-ы гарадскі клінічны шпіталь – хірург-інтэрн 

Ранейшыя пасады: Студэнт БДМУ.
Таксама працаваў у 5-ым шпіталі медбратам. У гнойнай хірургіі. Таму вокладкі брутал-дэз-метал-альбомаў у мяне выклікаюць усьмешку – шчанюкі)



Хобі: Я ралевік. Займаю пасаду канцлера клубу настольных і ролевых гульняў "New Dimension". Майстар пэўнай колькасьці гульняў. Арганізатар музычнай часткі фестывалю ролевых гульняў жывога дзеяньня «Белый кролик».

Улюбёны напой і страва: Гарбата! І ніколі не бывае шмат гарбаты. 
Страва? Мяса ў шматлікіх варыяцыях.


Правілы, якія дапамагаюць па жыцьці:

  • Ніколі. Нельга. Класьці. Хлеб. Дагары. Нагамі. Ніколі.
  • Рабі людзям тое самае, што хацеў бы атрымаць ад іх.
  • “Скуголь, але рабі” – калі штосьці трэба зрабіць, то яно павінна быць зроблена, у якім бы стане ці абставінах ты ня быў. Трэба трымаць слова.
  • Ветлівасьць і тактычнасьць заўсёды лепш за грубасьць ці нахабства. Зь іх трэба хаця б пачынаць, а калі ўжо ніяк і нікуды, то можна і “паслаць”. Ды і ўвогуле выхаванасьць. Сумна бачыць людзей, якія намагаюцца быць “брутальнымі” шляхам быдляцкіх паводзінаў.
  • Ніколі не жадай добрага дзяжурства супрацоўніку экстраных службаў.
  • Нельга кагосьці асуджаць, пакуль ня быў на яго месцы.
  • Чым больш ты працуеш ці робіш штосьці карыснае, тым смачнейшым робіцца тваё жыцьцё.
  • Коцікі, ежа ды музыка – гэта шчасьце.
  • І сон. 



Улюбёныя гурты, якія паўплывалі на творчасьць: Тысячы іх) Але калі казаць пра творчасьць, то, магчыма, можна вылучыць наступныя: Vicious Crusade, Subway to Sally ды In Extremo. Калі ссунуць акцэнт на фармаваньне музычнага густу (тое, з чаго пачынаў), то нельга абысьці ўвагай NRM, Старога Ольсу, Queen ды Гражданскую оборону. Ну і, зразумела, Rammstein з Мэрылінам Мэнсанам. 

Роля ў музычнай плыні: Лідар / музыка гурта Адарвірог, арганізатар Лютага фэсту, сэсійны музыка гурта Folcore, тэарэтычны ўдзельнік гіпатэтычна “жывога” складу Dzivia))



Ранейшыя ролі (гурты, праекты, іншыя адметныя заслугі): Ня вельмі ўдалы ўдзел у гурце Gromagorn :) Былі гурты і дагэтуль – зусім ноўнэймы. Але менавіта ў іх я зьведаў азы “практычнай” музыкі.

Музычныя iнструменты: На сцэне я працую з трыма інструментамі – гэта ірландскі бузукі, мандаліна ды колавая ліра. У мандаліны нават ёсьць імя, завуць яе Эсьсі, і гэта адна з самых прыгожых жанчын з тых, каго я ведаю. Але ўсё ж часьцей за ўсё на сцэне я граю на бузукі. Чаму? Таму што магу :) Ну вось такі ў Адарвірога матэрыял, большая частка зь якога лепш гучыць на бузукі.



У складзе Folcore я граю толькі на колавай ліры. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што я быў туды запрошаны менавіта як лірнік. Дарэчы, прывітаньне Folcor-ам ды Адарвірогам, вы лепшыя)

Аніякіх прымочак, працэсараў ці грэлак я не выкарыстоўваю – гэта ўсё акустычныя інструменты з п'еза-датчыкамі, таму ня бачу вялікага сэнсу ў скажэньні натуральнага гучаньня. А можа, гэта зьвязана з тым, што я проста ня ўмею гэтага рабіць, а першая прычына – проста нагода не вучыцца :) Таму, можа, штосьці і зьменіцца.


Мы ведаем, што ты размаўляеш па-беларуску ў штодзённым жыцьці. Распавядзі, з чаго ўсё пачалося? 

Пачалося ўсё, мусіць, з алімпіяд па гісторыі Беларусі ў школе. Немагчыма вучыць гісторыю Роднай зямлі на чужой мове. Але сапраўднае станаўленьне мяне як чалавека, які вольна размаўляе па-беларуску, адбылося ў ліцэі БДУ. Я ўпэўнены, што гэта найлепшая навучальная ўстанова ў дзяржаве. Вялікая доля маёй упэўненасьці стаіць на тым, што там усімі шляхамі падтрымліваецца “беларускасьць”, а таксама культывацыя навыку самастойна думаць.  


Што ты на дадзены момант лічыш галоўнай справай свайго жыцьця, чым больш за ўсё ганарышся?

Зараз перада мной стаяць дзьве асноўныя мэты: рэалізавацца як хірург ды як музыка.
Магчыма, галоўная мэта жыцьця – даказаць, што адно другому не перашкаджае. А ў чымсьці і дапамагае. 



Распавядзі пра Люты фэст. Як узьнікла ідэя і сфарміравалася канцэпцыя фэсту; ці атрымалася ў выніку зрабіць менавіта тое, што планавалася, або прыйшлося нешта мяняць? Чаго чакаць на Лютым фэсьце сёлета?

Ох, Люты фэст…
Пачалося ўсё ў той час, калі Адарвірог быў зусім ноўнэйм бэндам. Хацелася выступаць, але на фэсты асабліва ня звалі. Зьявілася думка, што мы і самі з вусамі. Калі цябе ня клічуць на фэст – зрабі яго сам. Першапачаткова планавалася нешта кшталту краудфандынгу – удзельнікі скідваюцца ды разам робяць фэст. Сьпісаліся зь сябрамі ды знаёмымі з іншых гуртоў (Рокаш, Sontsevorot, By Cry, Кліч, Plemя), пачалі працаваць. Краудфандынг не атрымаўся, але па выніках фестываль “узьляцеў”. Была вялікая колькасьць памылак ды касякоў, але гэта быў каштоўны вопыт. У наступным годзе фэст рабіўся ўжо больш цэнтралізавана – аргкамітэт склаўся з Адарвірогаў. Падаецца, атрымалася няблага. Таксама мы добра пасябравалі зь некаторымі іншымі арганізатарамі – напрыклад, фэст Martial Winter ужо можна назваць братэрскім.



Чаго чакаць у гэтым годзе? Лютасьці, вядома! 

Калі больш сур’ёзна, то асноўнай асаблівасьцю будзе зьмена пляцоўкі – Рэпаблік. Склад гуртоў абновіцца напалову. Абяцаем яшчэ больш чаду! 

Па фармаце фэст крыху адыдзе ўбок ад класічнага фолк-металу. Будзе значны элемент меладэзу ў выглядзе Forodwaith ды Midgard, а ўсё гэта разбавіць меладычным арт-рок-фолкавым адценьнем Re1ikt. Галоўнае, што застанецца — цёплая сяброўская атмасфера :)