Ці было ў вас калісьці ўражаньне, быццам нешта ўпушчана, нейкая нязначная дэталь ці нябачная дробязь? У цені велізарнай сьцяны коравых альбомаў такіх жа самых гуртоў выйшаў рэліз беларускіх вэтэранаў молату і кавадлы… цьфу! Трэш і дэз металу – нарэшце так! Хуценька ліквідуем гэты недахоп – адкладаем усю працу ўбок, сядаем роўна (памятайце пра паставу!) і пачынаем успрымаць інфармацыю!


Паміж тым, сярод густых джунгляў беларускага андэграўнду жыве магутная істота, якая існавала тады, калі большасьць з сучасных беларускіх гуртоў нават яшчэ не пасьпела навучыцца хадзіць! Гаворка пойдзе пра адзін са старэйшых (можа і найстарэйшы?) гуртоў у металічнай суполцы – Evthanazia.

Пачынаем матаць на вус (ці ёсьць яны ў вас?), моладзь!



Калі б, нібы ў фантастычным MMORPG Warcraft, аб’ядналіся людзі, гномы і эльфы, якія рушаць на поле бою, то гук ад бразгату стальных дасьпехаў, удараў мячоў, шчытоў, узьнятых баявых сьцягоў зь дзіўнымі гербамі суправаджаўся б менавіта крайнім запісам гурта Evthanazia пад назвай “War’jactva”. Рэліз так і сочыцца агрэсіўным рыкам перагружаных гітар і моцнымі, нібыта баявыя барабаны, партыямі ўдарных.



На маю думку, пра такія альбомы трэба распавядаць як мага большай колькасьці людзей… Чаму я так лічу? Бо гэта тлушч, гэта добра забыты алдовы музычны прадукт вышэйшай якасьці! Пра такія гурты кажуць “з чаго ўсё пачыналася”, і на самой справе – гэта не заезджаны трэш/дэз метал ці “зноў тое ж самае стар’ё”. Гэта новае, з усімі моднымі і годнымі ў колах такога ж стылістычнага напрамку фішкамі, а таксама вельмі гучнае слова. У той жа час гэта той самы стары добры метал, створаны пад уплывам волатаў сусьветнай сцэны!



Кожная песьня – лакальны хіт, які можна (і трэба) слухаць. А тым, хто робіць музыку – слухаць, пераслухоўваць і падкрэсьліваць адметнасьці. Але, буду сумленны, спачатку якасьці мне крыху і не хапала, і толькі пасьля таго, як я праслухаў палову першай кампазіцыі, я зразумеў, што першае ўражаньне мяне падманула! Гэта баявы марш, гэта, бы павуціньне, вельмі неадназначнае перапляценьне сэмплаў, незвычайнага голасу, хрыпкай рытм-секцыі і дысторшну на электрагітарах! Спачатку здаецца, што мазаіка не зьбіраецца, але ганіце прэч такія думкі. На мой погляд, гэта таму, што я вельмі доўга слухаў новых, сучасных прадстаўнікоў металічнай плыні.



Усяго тры песьні складаюць “War’jactva”. Гэта мала ці многа? У выпадку з Evthanazia ўсё добра і складна! Такія кампазіцыі трэба адчуваць, калі вялікая па колькасьці, закаваная ў сталёвае адзеньне армія рушыць насустрач ня менш вялікай бітве, у якой будзе вырашацца лёс абодвух бакоў! Рэзюмуючы, скажу, што такая музыка выклікае жаданьне працягу, таму тры песьні – вельмі нядрэнная прынада для кожнага, хто пачуў.



Такім чынам, што мы бачым. Сплаў задзірыстай маладосьці і трывалага вопыту на беларускай сцэне цалкам і ўстойлівы крок у разьвіцьці на дадзеным ЕР у прыватнасьці! Такія зьмены і сумесныя ўплывы маладога пакаленьня з аднаго боку і больш сталага – з другога вельмі пазітыўна спрыяюць мікраклімату ў беларускім андэграўндзе, а гэта, мае сябры, дужа карысна і прыемна для ўсіх, каго гэта тычыцца!