Солд-аут для метал-канцэрту ў нашай краіне – рэч нязвычная, можна сказаць, і небывалая, калі мець на ўвазе менавіта канцэрты традыцыйнай металёвай музыкі. І менавіта гэта адбылося на чаканым яшчэ з 2000-х гадоў візіце фінаў Children of Bodom. Усё, што мог умясьціць менскі клуб Re:Public, ён умясьціў. Тысяча чалавек разам прывітала Алексі Лайха і Co. Быў драйв, угар, фірмовасьць, была адыграная выдатная праграма, была зробленая справаздача за ўвесь той перыяд, калі мы маглі іх чуць толькі ў запісах і бачыць толькі на відэа. У псіхалогіі ёсьць тэрмін "гештальт", які характарызуе навязьлівую прагу да неабходнага, што трэба зьдзейсьніць, каб пачувацца паўнавартасна. Канцэртам COB гэты гештальт і быў закрыты.

На гэтым, здаецца, і можна было б скончыць аповед, бо калі працягваць, то далей чытач чакае больш падрабязнага разбору хараства праведзенай імпрэзы. На жаль, сумленьне мне не дазволіць выпісваць дзяжурныя ўзрушаныя оды, якія адпавядаюць уражаньням абсалютнай большасьці. Я бы ахарактарызаваў канцэрт наступным чынам.

Будучы два дзесяцігодзьдзі на самых топавых вяршынях папулярнасьці, да нас "Чылдрэны" даехалі толькі цяпер. Аб чым гэта кажа? Аб тым, што толькі цяпер яны сталі "па зубах" нашым арганізатарам. Прыехалі зорныя фіны ў рамках туру "20 Years Down & Dirty", прысьвечанаму 20-годзьдзю выхаду дэбютнага альбому "Something Wild", а гэта гаворыць само за сябе – музыкі падводзяць пэўную рысу ў сваім безумоўна феерычным існаваньні і прапануюць публіцы разам панастальгаваць па залатых часінах, калі яны былі маладыя і поўныя творчай энэргіі і сваімі песьнямі пісалі гісторыю, рухалі актыўнае на той момант разьвіцьцё металу як жанру. Па часінах, калі ня ведаць Children of Bodom азначала ня ведаць нічога пра сучасную цяжкую музыку, па часінах, калі юнакі па ўсім сьвеце захапляліся адсаджаным віртуозам Alexi "Wild Child" Laiho і касілі пад яго, а дзяўчыны хацелі дзяцей ад гэтага красунчыка-бунтара. Так, настальгія па тых часах настолькі моцная, што сэрца сьцінае. Гэта "нулявыя" гады, росквіт мелодык-дэз-металу, эпоха, якая была прама перад масавым прыходам інтэрнэту, калі музыкаю абменьваліся з рук у рукі, а схадзіць на мясцовы гіг было сьвятам. Вось тады Chidren of Bodom і былі героямі часу.


Далей аб'ектыўна назіралася пагаршэньне якасьці альбомаў і пагаршэньне стану і выгляду "вечна маладога і вечна п'янага" Алексі. Пагрукала ў дзьверы сталасьць. І вось ужо ім пад сорак, а іхнаму дзіцяці усе дваццаць. Час пракаціцца па сьвету і адсьвяткаваць усё добрае, што было.

І ведаеце, майму меркаваньню наканавана быць непапулярным, але я вельмі шкадую, што сустрэліся мы зь "дзяцішкамі" ўжо зусім у недзіцячым узросьце. Бракавала, ведаеце, атаясамленьня хлопцаў з постэраў і кліпаў з гэтымі дзядзькамі на сцэне. Не падумайце, канцэрт быў адыграны на найвышэйшым узроўні, зь фірмовай падачай, філіграннымі гітарнымі пасажамі, з усімі фішкамі, на адным дыханьні, пад бязумную падтрымку агромнага натоўпу. Але гэта быў канцэрт нібы трыб'ют самім сабе, яскравым, дзёрзкім, з поўным жыцьцём наперадзе. Уласны трыб'ют такім "Чылдрэнам", якіх ужо больш ніколі ня будзе. Я буду шчасьлівы, калі вамі гэтага не адчувалася і калі такое меркаваньне – адзінкавае, але, як вышэй сказаў, я не магу проста сыпаць дзяжурнымі хвалебнымі одамі, ня выказаўшы сапраўдных пачуцьцяў. Магчыма, я проста вельмі люблю COB і яны шмат для мяне значаць, таму іхны "класічны" вобраз быў ідэалізаваны і ўзяты за эталон, што цяпер не дае не заўважаць прыдбаную вяласьць і патухлыя вочы Алексі, яго ненатуральны колер скуры і парадзелую шавялюру, гэта бянтэжыць.


Але! Аб'ектыўна гэта быў выдатны канцэрт. Фірмовасьць, якую маюць Children of Bodom, проста так не прапіваецца. Хіты, якімі яны шчодра сыпалі гэтым вечарам, будуць пазнавацца зь першых нотаў і праглынацца ў любым гуку (каторы, трэба сказаць, дужа падкачаў). Публіка будзе вар'явацца і шалець, і такое шоў запомніцца надоўга. Проста па азначэньні. Апрыёры. І калі ты чамусьці на сто адсоткаў не кайфануў, то гештальт закрыў дакладна. Ты пабываў на канцэрце Children of Bodom, сустрэўся зь неад'емнай часткай свайго юнацтва. Споўніў мару, калі хочаце.


Дзякуй арганізатарам – агенцыі Wake Up. Гэты солд-аут яны безумоўна заслужылі. Вязіце нам паболей годнага металу, і пры тым, як вы гэта і робіце, не зацыкліваючыся толькі на топах і мастхэвах, а і эксперыментуючы з рознага кшталту іншымі прывозамі. Вы несяце людзям радасьць!


У дадатак да сказанага прыводжу сэтліст канцэрту, а на пытаньне, як гэта было вачыма гледача, адказваю відэазапісамі нашага лайв-стрыму, іх вы знойдзеце ў vk-пабліку ByMetal. P.S. Вельмі спадабаўся атмасферны гурт супорту – Nox Vorago са Швецыі.

Што ж, гэта адбылося! І гэта галоўнае. Ставім галачку насупраць радка "Наведаць канцэрт Children of Bodom" і крочым далей!