Восень – гэта надзвычайная пара году! Час, калі школьнікі з размазанымі ад сьлёз тварамі, вылазяць з “інтэрнэтаў” і йдуць у свае класы грызьці граніт навукі, калі пара зьбіраць ня вельмі шматлікі (у каго як, канешне) ураджай, рабіць закаткі ды лічыць куранят. Але ж гэтыя, зьвязаныя з восеньню якары, не прыносяць нам такога моцнага ўзрушальнага захапленьня, як cьвежыя сакавітыя сусьветныя рэлізы.


Перад вамі дайджэст новых і самых цікавых альбомаў за верасень па версіі ByMetal:


Paradise Lost – “Medusa”


Ветэраны doom metal зь Вялікабрытаніі ў 2015 годзе ўзялі курс на вяртаньне характэрнага цяжару ў гучаньні. Выйшла ў іх гэта проста выдатна. Сёлетні альбом атрымаў шмат станоўчых водгукаў сярод слухачоў, што сьведчыць аб выдатна праведзенай працы на стадыях стварэньня і запісу.





SepticFlesh – “Codex Omega”

Грэкі ня здраджваюць сабе: усё той жа прамалінейны death metal, усё тая ж звыкла злая сімфоніка і па-ранейшаму змрочная лірыка. Паслухайце самі і акуніцеся ў пярэдадзень Канца Сьвету, бо толькі такія пачуцьці выклікае гэтая кружэлка. Новая відэа на песьню “Portrait of the Headless Man” пацьвердзіць мае словы.





Ensiferum – ”Two Paths”

Мушу прызнацца ў двух рэчах. 1. Люблю Ensiferum. 2. Ensiferum зь Петры Ліндрасам лічу ілжэ-Ensiferum’ам. Асабіста папракаю гурт у адсутнасьці паўнаважкай хітовасьці песень, менавіта таму гэты рэліз для мяне прайшоў міма касы, але гэта ня значыць, што вам ён можа здацца такім жа нецікавым.




Myrkur – “Mareridt”


Прайшлі тыя часы, калі ў жанчын было адно толькі законнае месца (на кухні), калі яны не маглі галасаваць, і хадзілі ў цені мужчынаў. Тое, што робіць гэта лэдзі з Даніі, заслугоўвае татальнай павагі і паклона да зямлі. Блэк металіст, мультыінструменталіст ды “сам сабе рэжысёр”, яна сваім альбомам можа заткнуць за пояс шматлікія мужчынскія гурты. Верасеньскі рэліз зараз мае фантастычны рэзананс, за кошт насычанага, цэласнага матэрыялу з украпінамі фолку і месцамі чыстага вакалу, а таксама захапляючай атмасферы.





Epica – “The Solace System” (EP)


Тут шмат словаў ня будзе. Таму што Epica ў апошні час не падводзіць і піша роўны, зусім не прахадны матэрыял. Магчыма, гэты “EP” будзе лагічным мосьцікам ад  “The Holographic Principle” у які-небудзь рэвалюцыйны для Epica альбом ці працягне ўжо зададзены пасьпяховы курс.



Arch Enemy – “Will To Power”

Чым у лес далей, тым гусьцей. Гэтай прымаўкай можна ахарактарызаваць дадзеную кружэлку. Модныя веяньні дайшлі і да гэтых, здавалася, закаранелых прыхільнікаў кансерватызму ў сваёй творчасьці. Алісе дазволілі пець чыстым вакалам дзе-нідзе, што ўсё ж прыбавіла шарму аб’ектыўна слабаму альбому, у параўнаньні з пасьпяховым і, шчыра кажучы, маім улюбёным папярэднікам “War Eternal”.


 

Палова песень – абсалютны прахадняк, і аддае бесталковым самакапіраваньнем. Напэўна, завышанае пачуцьцё ўласнай важнасьці перашкодзіла Майклу Эмату запытаць дапамогі ў пошуку ідэй для кружэлкі ў шыкоўнага высокапрафесійнага гітарыста Джэфа Люміса. Але за першыя два сінглы музыкам усё ж патрэбна паапладыраваць, таму што гэта безумоўныя хіты.



Belphegor – “Totenritual”

Скандальна вядомы ў нашых краях гурт. Бескампрамісны, тлусты, шчыльны і надзвычай якасны матэрыял, чарговы атручаны плявок у бок сваіх ідэалагічных ворагаў. Адна з самых цікавых верасьневых працаў, стоадсоткава вартая ўвагі. Як і сьвежы кліп на загалоўную "Baphomet".



Mastodon – “Cold Dark Place” (EP)

Спачатку планаваўся як сольны праект гітарыста Брэнта Хайндса. Але карты сышліся так, што рэліз выйшаў пад эгідай гурта. Усё далей адыходзячы ад сладжу, намяшаўшы класічных жанраў, музыкі не паленаваліся і напоўнілі дыск нечым новым, а не каверамі і лайвамі. Гэты міні-альбом можна пазіцыяніраваць не як паўнавартасны прог-метал-рок, а як больш звыклы абывацельскі метал, прыемны слыху.



Calligula’s Horse – "In Contact"

Неверагодны рэліз родам з Аўстраліі. Малады гурт імкліва набірае папулярнасьць, а іх кружэлкі атрымліваюць найвышэйшыя адзнакі ад крытыкаў. Увабраўшая ў сябе лепшае ад Dream Theater і Opeth, запраўленая сучаснай прагрэсіўнай, зь велізарнай "вішанькай на торце", выдатнай мелодыкай, гэтая кружэлка не пакіне вас абыякавымі. Проста смак! Вось самі паглядзіце на гэтых хлопцаў.




Satyricon – “Deep Calleth Upon Deep”

Якім яскравым і цікавым быў альбом Belphegor, такім бляклым атрымаўся новы, вельмі доўгачаканы Satyricon. Нецікавы, аднатыповы і дакладна не дацягваючы да "Now, Diabolical" і "The Age of Nero", зь якіх у гурта пайшоў нахіл у іншы бок. "Самая прагрэсіўная праца гурта, і калі яна атрымаецца непрызнанай, напэўна, трэба будзе закончваць працу гурта", – словы Саціра. Што ж ...





Cradle Of Filth – “Cryptoriana – The Seductiveness Of Decay”

У сеціва матэрыял з новай кружэлкі прасачыўся яшчэ летась, а нарэшце афіцыйна ўбачыў сьвет у верасьні. Альбом атрымаўся значна больш сочным і маляўнічым, чым многія папярэднія працы гурта. У арсенале маюцца яўныя хіты, запамінальныя матывы ды выдатнае тэхнічнае начыньне. Можна з упэўненасьцю сказаць, што “крэдлы” вярнуліся і будуць зараз нанова зарабляць сваю старую рэпутацыю. Наступнае відэа цалкам адлюстроўвае характар альбому.




Marilyn Manson – “Heaven Upside Down”

Першапачаткова выхад у сьвет кружэлкі “Heaven Upside Down” быў заяўлены на Дзень усіх закаханых – 14 лютага 2017 году. Аднак Вялікі і Жудасны затрымаў рэліз аж на 7 месяцаў, і альбом трапіў у сеціва раней запланванага кастрычніка. Канчаткова разгубіўшы (прапіўшы, пранаркаманіўшы – патрэбнае падкрэсьліць) сваё "Я", Мэнсан выдаў незразумелую кашу зь мешаніны жанраў, з прымесьсю нейкіх рэп-бітаў, якія спрабаваў сплесьці з індастрыялам. Выязджае хіба што на прыпевах, якія практычна адзін у адзін пазьдзіраныя са старых працаў.



Кипелов – “Звезды и Кресты”

З часу апошняга поўнавартаснага рэліза гурта прайшло ўжо 6 гадоў, і, здавалася, можна было чаго глыбокага ад караля хэві Расіі чакаць, але ж ня ўсё так проста, як здаецца на першы погляд. Па словах гурта, «Звезды и Кресты» атрымаўся вельмі цікавым і рознапланавым, у ім ёсьць баевікі, містычныя песьні ды класічныя цяжкія балады. Але на самой справе другіх “Рек Времён” мы не пачулі... альбом пакуль нуднаваты, і зачапіцца няма за што. Хаця, магчыма, ўсяму віной – канцэптуальнасць дыска, і яго яшчэ прыйдзецца расслухоўваць.



Kauan – “Kaiho”

Ня толькі фінам пець на рускай мове! Вось ім удалы адказ ад суровых чэлябінцаў, выконваючых музыку ў стылі ambient, post-metal і post-rock на фінскай мове.

Калі ў сьвеце і ёсць магія, то яна сканцэнтраваная тут, у гэтым альбоме. Нявінная, цягучая и закалыхваючая атмасфера пакіне оставит незабыўны сьлед у вашым сэрцы.




У рэйтынг чаканьня  зараз трапілі Samael, Architects, Moonspell, Nachtblut, August Burns Red, Cannibal Coprse(хаця, што новага ад іх можна чакаць?), Cyhra (новы праект экс-гітарыста In Flames), якія выпусцілі відэакліпы на песньні з надыходзячых кружэлак. А каб чаканьне не было надакучлівым – паглядзіце гэтыя відэа.