Samael – Hegemony


Новага альбому ад Samael чакалі амаль што шэсьць гадоў. Ці спраўдзілася доўгае чаканьне? Несумненна, так. Samael выдалі нетыповы для сябе прадукт, але засталася фішка – увесь альбом цячэ нібы адна песьня, але кожная зь іх паасобку чапляе выбухнымі прыпевамі. Аднак жа і тэксты маюць адну і тую ж канцэпцыю, таму і ня трэба зьдзіўляцца некаторай аднатоннасьці песень. Прыемна, што гурт узяў пачатак аж 30 гадоў таму, але ні на кроплю ня здаў пазіцый, а толькі ўмацаваў іх новым альбомам.



The Black Dahlia Murder – Nightbringers


Амерыканская школа меладэзу вядомая сваёй тэхнічнасьцю і сваёй прыхільнасьцю да экстрымальных кор-жанраў (напрыклад, дэзкору). Вось TBDM – яскравыя прадстаўнікі гэтай плыні. І нарэшце, празь 10 год, з часоў такога ўспамінальнага для ўсіх у інтэрнэце 2007-га году, калі выйшаў іх найлепшы, на думку большасьці фэнаў, альбом “Nocturnal”, мы атрымліваем нешта цікавае ад хлапцоў. У арсенале ёсьць шмат смачных песень на розны густ, таму кружэлка заслугоўвае ўвагі.



CyHra – Letters To Myself


Доўгачаканы мной альбом шведскай мафіі нарэшце сышоў з канвееру. Склад удзельнікаў інтрыгуе: ідэйны натхняльнік, гітарыст Jesper Stromblad (ех-In Flames) і яго сябар па былым бэньдзе, басіст Peter Iwers, другі гітарыст, экс-удзельнік depressive black metal гурта Shining, Euge Valovirta, вакаліст Jake E., які зьбёг з Amaranthe, ды бубнач Alex Landenburg (Luca Turilli's Rhapsody). У альбоме можна пачуць улюбёныя “палымяныя” гітарныя партыі з “Клэймэна” разам з прыемнымі бадзёрымі мадэрновымі рытмамі. Гэты альбом, так бы мовіць, – вяртаньне Джэспера з “таго сьвету” музыкі – усё прасякнута пачуцьцямі, што ён перажыў амаль за 10 год у кампаніі п'янства і дэпрэсіі… Гарманічная, меладычная і лаканічная музыка з чыстым вакалам (так! экстрым-вакалу ў альбоме няма) мякка засвойваецца ў мозгу, дзякуючы сваёй радыёнакіраванасьці.



Trivium – The Sin And The Sentence


“Троіца” па-ранейшаму мяняе бубначоў, і на гэты раз да гурта далучыўся вельмі тэхнічны Alex Bent з Brain Drill, які дадаў бластбітаў ды проста фарбаў у рытм-секцыю. Музычны стыль, які выконваюць Trivium, заўсёды было цяжка ахарактарызаваць, а зараз, апасьля апошніх эксперыментаў, які толькі тэг ня прыпісваюць гурту... І melodic metalcore, і heavy metal, і groove metal, і alternative thrash metal, і нават неверагодны тэг post-thrash metal, аднак насамрэч усе плыні ўжываюцца даволі гарманічна, і гэты альбом ужо адразу пасьля выхаду папярэдніх яму сінглаў трапляе ў асабісты топ 2017-га году. 



Тэматыка кружэлкі жа, на маю думку, мае амаль біблейскі падтэкст, дзе фігуруе “тайная вячэра”, хлусьня і здрадніцтва і асабліва грэх ды расплата. Відэа на загалоўную кампазіцыю будзе больш інфарматыўным, чым мае словы. Лепей жа адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.



Enslaved – E


Добра вядомыя на ніве viking black metal нарвежцы выпусьцілі вельмі спрэчную кружэлку. З аднаго боку, блэк там ужо цяжка знайсьці, што можа прымусіць заўзятараў адвярнуцца ад бэнда, але ж з другога боку, мы маем дужа моцную працу ў плане прагрэсіўнасьці. У інструментальным варыве сустракаюцца ўжо звыклыя клавішы, а таксама флейта і, увага!.. саксафон. Чысты голас новага штатнага вакаліста адчуваецца на сваім месцы і дадае містычнасьці і разважальнасьці кружэлцы. Як ні сорамна мне гэта казаць, найлепшым трэкам у альбоме лічу кавер на песьню гурта зусім іншага напрамку музыкі, дуэту Röyksopp.



Hallatar – No Stars Upon The Bridge


Звычайна супер-гурты зьяўляюцца на папялішчы застою ў старых бэндах і зь першапачатковай мэтай “зрубіць” грошай. Але ўсё гэта не пра Hallatar. Гэты фінскі гурт – сапраўдны музычны мемарыял, прысьвечаны Aleah Starbridge (Trees of Eternity), якая памерла больш за год таму. Гора страты грызла ейнага спадарожніка жыцьця Juha Raivio (Swallow The Sun, Trees Of Eternity), і ён вырашыў перанесьці свой боль у ноты, запрасіўшы ў праект Tomi Joutsen з Amorphis ды Gas Lipstick зь HIM. 



Альбом атрымаўся праніклівы, павольны і змрочны, такі, якім і павінен быць gothic doom. На апошняй песьні кружэлкі “Dreams Burn Down” яшчэ можна пачуць голас памерлай. Адчуваньне прысутнасьці выклікае невыказны смутак, паралізуючы разуменьне думкай аб тым, што мы ня вечныя на гэтай зямлі.



August Burns Red – Phantom Anthem


Металкору з часам у сеціве ўсё больш і больш. І колькасьць новых гуртоў павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі, нават насуперак таму, што мода на гэты стыль плаўна зьнікае. А вось сапраўды якаснага і прывабнага металкору наадварот – усё менш і менш. Таму адказнасьць за выхад у сьвет гаднаты падае на плечы волатаў жанру.



Амерыканцы па-ранейшаму ўмела скрыжоўваюць моц ды агрэсію зь меладычнасьцю ды прагрэсіўнасьцю.Тэхнічнасьць, якая пададзена, як заўсёды, першай стравай, прыносіць хвалюючую асалоду, а акустычныя ўстаўкі можна параўнаць з наркотыкам, які ніколі не перастае дзейнічаць і прыносіць вечнае задавальненьне.


Europe – Walk The Earth


Старажылы хард-року са Швецыі ўсім сваім выглядам даюць зразумець, што іх яшчэ рана сьпісваць з рахунку, і працягваюць выпускаць новыя працы. Аднак паўтарыць такія песьні, як, напрыклад, “The Final Countdown” ужо не атрымаецца. Дакладна. Але ж альбом Walk The Earth” не такі і дрэнны, як здаецца на першы погляд. Сярэднятэмпавы мяккі хард-рок з клавішнымі на заднім плане слухаецца роўна і на адным дыханьні і як фон добра падыдзе для ўсялякіх дамашніх справаў.



Ne Obliviscaris – Urn


Чараўнікі мелодый з Аўстраліі пад арыгінальнай назвай а-ля заклінаньне з “Гары Потэра” выдалі проста фантастычны твор. Прагрэсіўнасьць зь меладызмам зашкальваюць і, разам з камбінацыяй вакалаў ды скрыпкі, могуць папросту зьвесьці з розуму і адправіць блукаць у паралельны сьвет.



Hanging Garden – I Am Become


Вось што-што, я не стамляюся аб гэтым гаварыць, а скандынавы ведаюць толк у меланхалічнай разважнай музыцы. Музыкі працягваюць піліць смачны post / doom death metal, які можна ахрысьціць саундтрэкам гэтай восені. На кружэлцы мы пачуем гасьцявы вакал – усім знаёмы цяперашні голас Amorphis’a, Tomi Joutsen, які, судзячы па апошніх рэлізах, у Фінляндыі нарасхват.



Butcher Babies – Lilith


Дзеўкі робяць усё добра, але неяк без душы. Па-ранейшаму цяжка ўспрымаць музыку гэтых “лялек” безь візуальнай падтрымкі. А вось уключыш кліп – ну зусім іншая справа, тут табе і жаночыя грудзі, і рознакаляровыя стужачкі, і адразу музыка на другі план адыходзіць. Але, магчыма, камусьці гэты альбом спадабаецца паболей, чым мне.



Helloween – Pumpkins United (single)


“Гарбузы” аб’ядналіся. Ці надоўга?! Зорны склад разам з далучыўшыміся ветэранамі Michael Kiske ды Kai Hansen запісаў даволі круты трэк, тым самым ускалыхнуўшы тую багну, у якой сядзелі музыкі апошнія гады. Альбом будзе вельмі чаканым яшчэ і таму, што гурт адправіцца ў сусьветнае турнэ ў такім складзе. А жадаючых акунуцца ў настальгію фанатаў будзе нямала.



Omnium Gatherum – Blade Reflections (single)


Пара ўжо характарызаваць фінаў як “заўсёднікаў клубу гаднаты”. Усё, што выпускаюць – усё ў яблычак. Пазнавальнасьць мелодыкі і структуры песень заўсёды вылучае іх з тысячы сусьветных гуртоў. Сінгл, які музыкі прысьвяцілі праблеме суіцыдаў, прымушае чакаць альбом зь непадробнай зацікаўленасьцю. Вашай увазе дужа гіпнатычнае відэа на гэтую песьню.



Eluveitie – Rebirth (single)


Апасьля “крушэньня” карабелю Eluveitie, частка музыкаў аб'ядналася ў Cellar Darling, а Крыгель жа застаўся верным сабе ды працягнуў гісторыю гурта. Хэйтэраў зьявілася шмат і ў тых, і ў тых. У выніку мы маем супярэчлівы сінгл, які падабаецца адным ды адварочвае другіх. Асабіста мне спадабаўся, і спадзяюся, вам прыйдзецца даспадобы.


Новых відэа выйшла таксама даволі нямала, так што набярыцеся цярпеньня ды зрабіце сабе video-break на адну гадзіну.