Распавядзіце пра канцэпцыю фестывалю. Лакальных імпрэзаў зараз вельмі шмат, чым гэты фэст будзе адрозьнівацца ад мноства іншых? Чаму "Дзікае паляваньне"? Хто на каго будзе паляваць?

Дзікае паляваньне – гэта спроба адраджэньня лакальных канцэртаў, "салянак", якія калісьці адбываліся ў Джолі Роджары і да яго падобных клубах. На наш погляд, гэта былі вельмі неадназначныя мерапрыемствы: звычайна ня лепшы гук, маленькае памяшканьне, не заўсёды добрая арганізацыя. Але дзякуючы гэтым канцэртам на "вялікую" сцэну падняліся шматлікія таленавітыя музыкі. Што самае галоўнае, на гэтыя канцэрты хадзілі ня столькі паслухаць музыку, колькі пабачыць сяброў ды знаёмых, папіць піва, пакамунікаваць адзін з адным. Гэтак жа і гурты мяняліся аўдыторыямі, знаёміліся паміж сабой. Фармавалася кам'юніці. Тое, чаго, на наш погляд, зараз не хапае. Менавіта з гэтых тэзісаў і фармаваўся канцэпт "fresh blood". Мы ня кажам, што дамо гуртам нейкія эксклюзіўныя магчымасьці і што пасьля выступу на гэтым мерапрыемстве яны адразу трапяць на Wacken. :) Не, гэта толькі адна прыступка на іх шляху да славы, а мы самую крышачку дапаможам на яе ступіць.


Прычым ступіць разам – мы спадзяемся на зьяўленьне добрых таварыскіх зносін паміж нашымі выступоўцамі. Мы мэтанакіравана набіралі максімальна разнапланавыя гурты. Чаму б тым, хто звычайна слухае сімфа метал, не паспрабаваць саузэрн рок ці мелодык металкор? А галоўная мэта Дзікага паляваньня – зрабіць ладны гіг, на якім будзе добра і слухачам, і выступоўцам, і арганізатарам. :) 

На дэбютным фэсьце будуць выступаць ужо не зусім неафіты метал-руху – гурты Alcyona, Gunships to Colorado, Sphere Spectrum, Among Gods. А падтрымае іх ужо вядомы ды, мусіць, самы самабытны гурт беларускай метал-сцэны – Massenhinrichtung. Чаму менавіта яны? Па-першае, яны сапраўды ўмеюць рабіць музыку, ды ўмеюць рабіць яе якасна. Таму мы, як арганізатары, можам быць упэўнены, што нам ня будзе сорамна. Па-другое, Дзікае паляваньне пакуль малады фэст, які ня мае рэпутацыі ды імя, затое мае нязвыклы для нас фармат. Браць на яго зусім невядомыя гурты было б проста небясьпечна.


А як жа Адарвірог? Чаму яго няма ў лайн-апе? Вас усё яшчэ можна лічыць маладым гуртом, ды й ужо добрая традыцыя бачыць вас на вашых жа фэстах.

Адарвірог пакуль сканцэнтраваўся на стварэньні новага ды пераапрацоўцы старога матэрыялу, таму бліжэйшы час за межы рэпетыцыйнай кропкі не плануе выходзіць. Да таго ж, на нашую думку, Адарвірог зьяўляецца маладым гуртом ужо толькі адносна больш сталых гуртоў. Мы пасьпелі пабываць на больш-менш сур'ёзных пляцоўках і добра ведаем, як бывае цяжка туды трапіць бяз пэўнай "узьлётнай паласы". Таму і хочам чымсьці дапамагчы больш маладым калегам па сцэне. 


Дзікае паляваньне будзе вельмі паляўнічым канцэртам. Арганізатары будуць паляваць на таленты. Гурты будуць паляваць на новых слухачоў. Слухачы будуць паляваць на драйв і добрую музыку. Чаму "дзікае?" А якое яшчэ можа атрымацца паляваньне ў арганізатараў Лютага фэсту? :)

Дарэчы пра арганізатараў. Мы ўрачыста абвяшчаем аб стварэньні Hornbreaking Promo, арганізацыі, галоўнымі мэтамі якой будзе стварэньне сапраўды годных канцэртаў у Беларусі, аб'яднаньне сцэны, падтрымка айчынных гуртоў і разьвіцьцё незалежнай музыкі.