У вас нядаўна выйшаў новы ЕР. Ці шмат часу заняла праца над рэлізам? Ці апраўдаў ён вашыя чаканьні? Ці атрымалася ўсё так, як задумвалі першапачаткова?

Так, у пачатку восені мы выпусьцілі ЕР “War'яцтва”, які складаецца з трох песень. Праца над рэлізам вялася прыкладна на працягу 1,5 год. Можна было і хутчэй, але нам было важна канчаткова вызначыцца са стылістыкай і гучаньнем гурта, бо мінулыя рэлізы "Апошняя мяжа" і "Вера, Воля..." былі па большай частцы эксперыментамі. Вынікам мы задаволеныя, атрымалася ўсё, як задумвалася, хоць над гукам яшчэ трэба будзе папрацаваць. Што тычыцца чаканьняў, то праца над раскруткай рэлізаў працягваецца, і ёсьць яшчэ парачка цікавых задумак па прасоўваньні “War'яцтва”.

Прэзентацыя EP прайшла ў Менску на Дзень усіх сьвятых. Як усё прайшло? Якія ўражаньні? Як сустрэлі? Ці напужаў прысутных небясьпечны выгляд Віталя?


Прэзентацыя прайшла вельмі добра. Мы ўжо другі год удзельнічаем у "Хэлавіне" ў Бруге і жадаем адзначыць высокі ўзровень арганізацыі дадзенага мерапрыемства. Заўсёды шмат народу, класны антураж – увогуле гэта тое, што трэба для добрай рок’н’рольнай атмасферы.


Пра любоў металхэда да гопніка


Публіка нас сустрэла з запалам, павінны падзякаваць усім, хто прыйшоў, за падтрымку, якая надала нам дадатковай энергіі, ну а зьнешні выгляд Віталя проста ў чарговы раз пацьвердзіў, што гопнік – гэта любімы персанаж беларускага фальклору, а галоўнае – універсальны.

Зайдзіце на любое вясельле, дзень народзінаў, провады ў войска, пахаваньне і нават выпускны – яны ёсьць паўсюль. Ды што там казаць, мілы выгляд гопніка наогул дарагі сэрцу кожнага сапраўднага металхэда, так што гарачы прыём быў нам забясьпечаныНу, і будзем спадзявацца, што з нашай лёгкай рукі гопнікі і іншая братва стануць паўнапраўнымі персанажамі міжнароднага сьвята – час несьці гэтую частку нашай культуры ў буржуазныя краіны!)) ня ўсё ж ім да нас..))


Па выніках гэтага канцэрту вы патрапілі ў даволі далікатную сітуацыю з рэперам Сярогай... якая апынулася жартам. А што, калі б гэта здарылася на самой справе? Якая была б разьвязка? Наогул, ці былі з вамі падобныя рэчы? Ці былі прэтэнзіі з боку калег па цэху і суседніх цэхах?


Жарт зь Сержыкам удаўся! Нам нават прыйшлося тлумачыць некаторым фанатам, што гэта не сур'ёзна. Што тычыцца Сярогі, то я паважаю яго за тое, што ён, быўшы простым гомельскім хлопцам, змог выбіцца ў людзі,  акрамя таго, ён з павагай ставіцца і да цяжкай музыкі, так што, упэўнены, мы б дамовіліся, а можа нават разам і песьню хітовую змайстравалі – у ТТ'34 быў жа такі досьвед.



Раней жа ў падобныя сітуацыі мы ніколі не траплялі, думаю, проста таму, што ў андэграўндзе грошай няма, і тут поўная свабода самавыяўленьня, інакш шмат каманд ужо б згалела: хто на іміджы, хто на плагіяце музыкіяк казаў класік: “уся музыка ўжо даўно напісаная, але яшчэ ня ўсе бабкі за яе атрыманыя!”))



Мы тут пакапаліся ў вашым VK: там ёсьць згадка сьвята з нагоды колькасьці падпісантаў на канале, але нам здаецца, што 20,5 тысяч праглядаў "Вера, Воля..." – гэта куды як больш прыемнае дасягненьне! Віншуем. Можа, прыйшоў час парадаваць падпісантаў новымі кліпамі? Ня думалі рабіць гэта часьцей?


Дзякуй за віншаваньні! Сапраўды, 20000 праглядаў кліпа – гэта выдатны вынік для беларускага метал гурта, і нам бы хацелася адразу ж прыступіць да наступных здымак, таму што сам працэс – гэта цудоўная прыгода, але пакуль тармозяць працэс фінансы і адсутнасьць магутнай ідэі. Тым ня менш, у 2018 годзе мы парадуем фанатаў відосамі, першы зь якіх выйдзе пасля Новага Году, а здымкі другога запланаваныя на лета, так што сачыце за навінамі.


У інтэрв'ю для hitkiller.com вы казалі, што пакуль ня вырашылі, на якую песьню з новага ЕР будзеце здымаць відэа. Ці рухаецца зь мёртвай кропкі гэтае вырашэньне?


Першае відэа амаль гатовае, але пакуль пакіну ў таямніцы, што за песьня. Відэа будзе насіць дакументальны характар, бо набралося шмат цікавага матэрыялу з розных мерапрыемстваў, а вось пастановачны кліп з касьцюмамі і акцёрамі яшчэ ў распрацоўцы. Мажліва, пад яго мы нават зробім зусім новую песьню, ды і наогул хочацца зноў зрабіць нешта цікавае – нам патрэбны новы выклік!


Дарэчы, у VK вы выказвалі думку напісаць трэк або зьняць кліп да выхаду серыялу пра вядзьмака па кнігах Анджэя Сапкоўскага – калі судзіць па каментах, фанатам гэтая ідэя спадабалася. Гэта будзе? Што вырашылі? Будзеце пісаць ці здымаць? Можа быць, нешта з творчасьці пана Анджэя супадзе па настроі зь песьнямі з “War'яцтва”? Ці, можа, які-небудзь іншы сусьвет трапіць пад раздачу (“Гульня тронаў”, напрыклад)?


Нам трэба, каб кліп выйшаў эпатажны і зьдзівіў публіку. Да “Вядзьмака” мы даўно прыглядаемся, лічу, што песьня "Сьляпыя" вельмі падыходзіць пад настрой гэтай кнігі, аднак рэалізацыя праекту патрабуе ўважлівага падбору каманды і прапрацоўкі ідэі. Ня стану хлусіць, пакуль няма ніякай канкрэтыкі, акрамя той, што кліп мы маем намер зьняць. Пра каго – пакажа час, у прыватнасьці вырашэньне будзем прымаць у бліжэйшыя месяцы, каб пасьпець падрыхтавацца да лета.

Нядаўна ў інтэрв'ю вы таксама дапусьцілі думку пра перазапіс “No Longer Forces” – да дваццацігодзьдзя выданьня. Як ідуць з гэтым справы? Ці чакае нас перавыданьне класічнай Evthanazia?


Так, думка такая была, але потым прыйшло ўсьведамленьне, што ня вельмі ўжо і шмат засталося людзей у тусоўцы, якія памятаюць 1997 год, да таго ж час нашага творчага шляху няўхільна падыходзіць да канца, і лепш яго выдаткаваць на нешта новае. Навошта варушыць шкілеты ў шафе? Хай яны там і застаюцца: для свайго часу “No Longer” і гучала, і слухалася добра, але цяпер метал сцэна Беларусі на іншым узроўні, і мне здаецца, трэба пакінуць усё, як ёсьць, захаваць самабытнасьць дадзенага матэрыялу. А дваццацігодзьдзе мы адзначылі выхадам новых песень, так што ўсё атрымалася выдатна.

Дарэчы, ня думалі да 20-годзьдзя зьняць якое-небудзь гістарычна-рэтраспектыўнае відэа? Усё ж Evthanazia – доўгажыхар на беларускай сцэне.


Так, нам, вядома, спатрэбіцца час для збору відэа, некаторыя зь якіх датаваныя нават дзевяностымі гадамі, але думаю, што такое відэа хутка будзе зроблена, занадта шмат цікавага адбылося за 20 гадоў з намі, ды і з грамадствам у цэлым – гэта частка гісторыі ня толькі асобна ўзятага горада, але і краіны ў цэлым, бо метал рух быў вельмі папулярны ў 90-х і 00-х,  таму неабходна яе асьвятліць.

І выніковае пытаньне: што адбываецца з дэзам у Беларусі? Дзе ён, чаму мы ня бачым сьвежага дэз-ураджаю? Ці ён ёсьць? Якія думкі ветэранаў стылю з гэтай нагоды?


Дэз метал прайшоў пік сваёй папулярнасьці і стаў здабыткам гісторыі


З дэз металам адбылося тое ж, што і з любым музычным стылем – ён прайшоў пік сваёй папулярнасьці і стаў здабыткам гісторыі, паўплываўшы практычна на ўсю экстрымальную музыку. Такіх гуртоў, якія нарадзіліся ў 90-х, ужо ня будзе, і гэта, напэўна, правільна. Цяпер нават электроншчына часам гучыць больш пагрозьліва, чым запісы беларускіх дэз метал каманд 90-х і 00-х гадоў. Думаю, гэта нармальны працэс эвалюцыі. Хаця... папулярнасьць той ці іншай музыкі шмат у чым вызначаецца асобамі музыкаў, якія яе выконваюць.



Папулярнасьць той ці іншай музыкі шмат у чым вызначаецца асобамі музыкаў, якія яе выконваюць


Няма цяпер новых моцных герояў у Беларусі, якія б сваімі жыцьцёвымі прынцыпамі, сваёй харызмай захапілі людзей за сабой, ды і складана гэта стала рабіць. Раней не было інтэрнэту, і людзі шмат размаўлялі ўжывую, асабіста перадаючы энергію той ці іншай ідэі адзін аднаму. У кожнай тусоўцы былі свае моцныя асобы, здольныя запальваць астатніх, поўныя энтузіязму і харызмы. За імі йшлі, іх абагаўлялі і слухалі музыку, якую гэтыя людзі выконвалі. Тое ж самае адбывалася і на Захадзе.



Пра сутнасьць року і сучасную ўседаступнасьць музыкі  


Абсалютна ўсе папулярныя гурты ў сваім складзе мелі аднаго, а то і двух чалавек, якія лічыліся ідаламі ў метал тусоўцы, і ня так проста было дакрануцца да іх творчасьці, атрымаць зносіны, ды й проста ўбачыць. Цяпер усё інакш – некалькі клікаў па клавіятуры, і ты можаш атрымаць усё і адразу, аўра недаступнасьці і крутасьці рок-зорак выпарылася, а ў дэз метале іх наогул ня стала, таму і стыль гэты не асоба цікавы, усё перайшло ў лічбавы фармат, а метал, заўсёды адрозны жывым драйвам і дзікасьцю не падыходзіць для хатніх анлайн вячэраў. Усё ж рок музыка досыць простая па сваёй сутнасьці і прызначаная ў першую чаргу для жывога выкананьня, для жывых эмоцый і ўражаньняў. На экране ўсё цьмянае і губляе фарбы, і ніякія супер навушнікі ці хатнія калонкі не перададуць сапраўднай энергетыкі канцэрту!


Што будзе далей, не бяруся сказаць, у любым выпадку эвалюцыя цікавая ў кожны момант свайго разьвіцьця, так што будзем проста назіраць за разьвіцьцём падзей і перыядычна галасіць: "вось у часы нашай маладосьці трава была зелянейшая!...")