Хм… Было вельмі нязвычна і складана пераліваць свае думкі на віртуальную паперу. Я шукаў у гэтым сэнс, бо не пагаджаюся з тым, што кружэлка, якая чакала свайго часу дзесяць гадоў, можа быць пустой, бы пустая склянка. Але, каб знайсьці яго, прыйшлося шмат разоў слухаць кожны трэк, кожны верш, кожны пераход, і, дарэчы, я зрабіў свае высновы, але толькі частку зь іх я вынесу на ваш суд. Неяк па-філасофску задумліва, так? На самой справе так і ёсьць.


Аналізуючы раньнія песьні Яна Жанчака, я зрабіў вынік, што гэты запіс – квінтэсэнцыя ўнутранага сьвету, які Ян нёс у сабе амаль дзесяць гадоў. Ведаеце, нават такая думка існуе: творчы чалавек адрозьніваецца ад астатніх толькі спосабам прадстаўленьня зьнешняму сьвету сваіх эмоцый, захапленьняў і ўвогуле інфармацыі, зь якой ён сустракаецца ў жыцьці. І калі склянка напаўняецца, калі зьмесціва пачынае пералівацца праз край, у такія моманты зьяўляюцца самыя прыемныя рэчы! Разгледзім адну з такіх.


Душа чалавека… Ніводны зь філосафаў і спадароў навукоўцаў за ўвесь час так і не адказаў на пытаньне, што гэта такое. З кожным годам гэты клубок становіцца ўсё больш заблытаным. Сваё слова гаворыць і Ян. Але ёсьць некаторыя моманты, з-за якіх яго ўнутраны голас ня будзе пачуты вялікай колькасьцю слухачоў. Але дзеля справядлівасьці адзначу, што гэтыя моманты ад творцы не залежаць.


Альбом выйшаў, нібы ўдар Перуна ў сьветла-блакітных нябёсах. Такога вельмі доўгі час не адбывалася. Складаецца ўражаньне, што ўся іншая цяжкая музыка адышла на другі план, бо вакол гавораць, слухаюць і пераслухоўваюць новае дзецішча In Search For. Але вось самая галоўная праблема – у Беларусі масавы слухач да такой складанай музыкі ня схільны. Ян, мілы Ян, чаму б ня выдацца недзе ў Польшчы, або, на благі канец, у Расеі?


Вельмі складана… кожная кампазіцыя, як асабістае апавяданьне. Верш, які стварае чалавечая душа, набыўшы свабоду ад цяжкіх ланцугоў, якія, нібыта старыя іржавыя вялікія карабельныя якары, цягнуць уніз, у вечнае нявольніцтва чалавечай плоці. Гэта боль, які трэба было перанесьці на лічбавы носьбіт. Бо як здарылася, што чалавек ня мае магчымасьці распавесьці сваё сакральнае ўсім і кожнаму?


Разьвіцьцё душы… Я нібыта перанёсься на другі курс роднай alma mater, дзе ўпершыню даведаўся пра філасофію Гегеля. Ключавы пасыл: свабода – гэта ня боскі дар, які быў дадзены пры нараджэньні, а вынік учынкаў і дзеяньняў, да якога ён паступова прыйшоў, крок за крокам ідучы па сьцяжынцы свайго жыцьця.


Гэтая пласьцінка па зьмястоўнасьці параўнальна зь Вялікай савецкай энцыклапедыяй і стаіць у адным шэрагу зь вялікімі тамамі чалавецтва, у якіх душа набывае свабоду – ірвуцца кайданы, чутны пранізьлівы крык, потым душа цешыцца, нібы маленькае кацяня, якое ўпершыню выпусьцілі пабачыць зялёную траву, жоўтае сонейка і мітусьлівых птушак, а напрыканцы ўзьнікае пытаньне: “Для чаго ўсё гэта?”. І канец твору. Спыненая кадэнцыя ў маштабе агульнага запісу.


Адчуваньне недахопу… “І ўсё? І ўсё? Жадаю яшчэ!” – казала нешта ўнутры мяне. І гэта нягледзячы на трэкі ў дзесяць хвілін! Вельмі спадабаўся мікс з задзейнічаных на студыйных пазіцыях (гітара, бэк-вакал, ударныя, бас) шматлікіх выканаўцаў. Гэта надае альбому “Atonement Pt.1” арэол, які гаворыць пра тое, што перад намі ня проста запіс “таму што трэба штосьці выдаць”, а асэнсаваная праца, якая зьела шмат сіл і энэргіі. Але як бы гэта гучала, калі б з тымі ж музыкамі запісаць усё год таму? А пяць гадоў?


З карціны “Чорны квадрат” Малевіча цяжка вылучыць больш і менш упадабаныя часткі. Яна выканана і разглядаецца цалкам, таму і цудоўная. Тое ж самае і з гэтым лонгплэем. Але, калі казаць пра выкананьне ў live-фармаце, то, на маю думку, на пляцоўках прагучаць такія трэкі з альбому, як “White to Black”, “GULA”, “Face The Reality”, “His Loneliness” (пра яе некалькі словаў дадаткова ніжэй), а таксама штосьці з “Soul Reinside”. Гэта, безумоўна, створыць вельмі добрую атмасферу ў клубе!


Дробныя часткі… Пра кампазіцыю “His Loneliness”. Канешне, у такіх рэлізах можна рабіць агляд на кожную песьню, але я скажу пра трэк пад нумарам 09. Я нібыта праслухаў кружэлку цалкам за сем хвілін і сем секунд. Пачатак, нарастаньне, кульмінацыя, спад, заціханьне. Быццам скарочаная версія ўсяго “Atonement Pt.1”. Таксама вылучу канчатковае сола – гэта моц! Цяжка было ўявіць, што нешта такое я пачуў у Беларусі. Вельмі гучна, вельмі ў тэму і так як трэба – адзін зь нямногіх момантаў у музыцы ўвогуле, у якім я б усё пакінуў так, як створана.


Хочацца думаць, што праца Яна Жанчака падтрымае разьвіцьцё далёкага ад мэйнстрыму ў Беларусі стылю прагрэсіў, станецца падмуркам для моды на гэты кірунак. У эпоху, калі нескладаныя песьні з чатырох акордаў у іншых стылях працягваюць аўтаматычна карыстацца большай папулярнасьцю з прычыны сваёй “зразумеласьці”, спадар Жанчак ідзе ў авангардзе і робіць кампазіцыі зь дзіўнымі пераходамі, з аркестроўкамі, з бэкамі на другой актаве… І робіць гэта на высокім узроўні напісаньня, выкананьня і запісу. Гэта must have у маім плэйлісьце. Засталося толькі паглядзець на гэта ў жыцьці!