Fight!

Прыклад. Ёсьць два Сашы: адзін Алесь, а другі Бурзум. Пасябравалі хлопцы ды вырашылі музычны альбом зладзіць. Выдатны, каб усім спадабаўся. Каб журналісты добрыя рэцэнзіі пісалі, фанаты башкой пад сцэнай трэсьлі, а дзяўчаты аўтографы прасілі. І абодва такія таленавітыя. Адзін кампазітар, другі паэт. Інтэрв'ю давалі, пра сяброўства распавядалі, на вернасьць прысягалі, зубы давалі й братамі адзін аднаго называлі. Але з усяго гэтага жывыя засталіся толькі зубы. Пакуль што. Чым далей мы рушым па гэтай шашы, тым больш цікава. Не падзялілі Сашы сваю творчасьць. Не сышліся характарамі. Бо ў жыцьці так заўсёды – калі два чалавекі, такія падобныя, апынаюцца ў адным гурце, сям’і і любым іншым калектыве – быць ліху. І не б усё вырашыць унутры, паміж сабой, адзін на адзін, за школай пасьля трох – не! На школьнай пляцоўцы вырашылі сабраць усіх. Мабыць, для таго, каб усе ўбачылі, хто самы круты й моцны. Скандал пачаў набіраць моц напачатку лета. Надвор’е было халоднае, але музыкі падаграваліся сваімі бамбёжкамі і сагравалі імі людзей. Грэўся нават той, хто не хацеў – так горача было.

Фестываль “Стародавній Меджибіж 2015” (так, і мы там былі, мёд, піва пілі ды сваймі вачыма ўсё бачылі)

Усё пачалося даўным даўно, калі верыць музыкам. Алесь распавёў, што гісторыя бярэ пачатак ад фестывалю “Стародавній Меджибіж”, што ва Ўкраіне. Рыцары, старажытныя замкі і казкі пра каханьне. Закахалася Марына – клавішніца гурта Зьніч – у хлопца добрага, які на той момант быў сябрам Бурзума (а, можа, й зараз). Ці то не падзялілі яны чаго, ці то Саша сябра зараўнаваў – пасварыліся ў выніку. І ніхто ня ведае сапраўдных прычынаў на тое. Пачалі яны потым пісаць той альбом. Адзін кажа, што пісаў усё сам, дома. Другі – што кожны з удзельнікаў гурта напісаў па некалькі песень. Але як пералічыш, дык столькі і песень у альбоме няма.

Надышоў дзень, калі музыкі павінны былі прадставіць сваё дзіця на ўсеагульны суд. І не дзе-небудзь, а ў Рэпабліку! Ды не адныя, а разам з іншымі гуртамі. Неўзабаве, як выявілася, Саша адмовіўся выходзіць на саўндчэк, а потым яшчэ й дэбош учыніў. Але мы гэтага ня бачылі, сьвечку не трымалі, таму будзем спадзявацца на добрасумленнасьць Алеся. І тады Марына, якой не падабаліся такія паводзіны калегі, паставіла ультыматум – альбо Бурзум застаецца ў гурце, альбо яна. Відаць, даўнія крыўды не забыліся. 

Алесь, якому так падабалася працаваць з Марынай, бо яна добра выконвае свае абавязкі перад гуртом, выдатная вакалістка й клавішніца, становіцца на яе бок і праганяе Бурзума. Выставілі Сашу поўным антыгероем, п’яніцай і дэбашырам, карацей. Бачыце, усё ж дзейнічае гаворка: “Ад каханьня да нянавісьці адзін крок”. Бо калі ўзгадаць старыя інтэрв’ю, якія зь лёгкасьцю можна зараз знайсьці, каб трохі асьвяжыць памяць, можна ўбачыць зусім іншыя адносіны паміж Сашамі. Куды ўсё так быстра зьнікла – незразумела.

Пасьля перформансу з “выкідваньнем на вуліцу” Бурзума Алесь сказаў, што не прэтэндуе на гэты альбом. Ці не сказаў? Але ж прапанаваў усім ісьці і рэгістраваць правы на ўвесь альбом. Як нам распавёў Бурзум, на ўсім альбоме, акрамя яго музыкі, былі толькі два бэк-вакалы, адзін зь якіх у выніку не ўвайшоў у песьню.

Вось тут і пачынаецца самае цікавае. Паляцелі Сашы ў суд. Бурзум сам, а Алесь на крылах Марыны, бо сам акрамя тэкстаў нічога не пісаў. Пачалі галубінай поштай дасылаць адзін другому прэтэнзіі, нейкія страшэнныя судовыя паперы. Абое распавядалі, што ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасьці людзі сьмяяліся зь іх. У сэньсе, калі прыходзіў Бурзум – з Алеся, а калі Алесь – наадварот.



Дык, можа, работнікі НЦІУ ва ўсім вінаватыя? Сьмяюцца, прапануюць абы што, штрафы нейкія выплочваць. Зусім дурныя. Нават фотаздымак ёсьць, як жанчына з НЦІУ чытае ліст Бурзума і сьмяецца. Але яна там не сьмяецца – гэта толькі Алесь убачыў.

Супрацоўніца НЦІУ чытае ліст. Здаецца, яна ня толькі не сьмяецца, але ўвогуле жадае памерці – гэтак яе ўсе задзяўблі

Менавіта ўрывак зь ліста

Добра, бог з тым альбомам. Алесю ён не патрэбны, бо ў яго й так песень да халеры, а Бурзум ужо пахавальны марш менавіта для кружэлкі склаў. Думаеце, усё, абрыдла хлопцам сварыцца, ды вырашылі яны пахаваць свае спрэчкі разам з альбомам? А вось і не! Засталася ў тыле ворага песьня “Дунаю”. Вельмі любіць яе Алесь. Бо класная яна, прыгожая, народная (блатная-карагодная). Не аддасьць ён яе нікому. Бурзуму не прыйшлося даспадобы, што на “Купальскім Коле” Зьніч яе споўнілі. Бо хоць песьня і народная, аранжыроўкі да яе пісаў ён.

Суд ладзіцца – Сашы далей сварацца. Ізноў паляцелі галубы зь лістамі, ізноў вочныя стаўкі, якія плануюцца адным з бакоў без увагі да другога. Таму і не атрымліваецца хлопцам сустрэцца.  Аднекуль у Алеся бярэцца цікавая папера ад Лёшы Коршуна – гукарэжысёра, які працаваў над кружэлкай. Дакумент, у якім Лёша надзяляе Алеся Таболіча выключнымі правамі на альбом. А там амаль што дакладныя лічбы грошаў прапісаныя. Але ці была гэтая папера? Недакладна, але кажуць, што папера падобная да залатога руна. Казка, карацей.

Першыя спробы Аляксея высьветліць дакладна, хто правы, а хто вінаваты

Дык вось, у НЦІУ аднаму сказалі, што песьня “Дунаю” не падыходзіць пад тлумачэньне “сааўтарства”, а другі зарэгістраваў яе як сааўтарства Косьці Трамбіцкага і Алеся Таболіча ды аранжыроўку Бурзума. У выніку гурт Зьніч выконваў “Дунаю” 2 верасьня ў цэнтры Менску.Магчыма, патрэбна было распавесьці пра тое, колькі грошай з абодвух бакоў было ўкладзена ў кружэлку. Хто каго якімі словамі называў і куды раіў засунуць альбом. Але ж які сэнс?

Прайшло ўжо шмат часу – канец вясны, усё лета. Але ніхто так да суда й не дайшоў. Ці то часу няма, ці то хочацца яшчэ крыху паскандаліць на публіку. У выніку да мяне закралася сумненьне ва ўсёй гэтай гісторыі. Можа, не было там аніякай сваркі, а ўсяго толькі захацелася хлопцам увагі. Бо казалі ж, што абавязкова ў суд пойдуць, што ня будуць мірыцца. А ў каментарах якія скандалы ўчыняюць! Але пакуль сядзяць роўна на тых месцах, куды раілі альбом засунуць. І толькі й могуць спрачацца, знаходзячыся ў элітных войсках інтэрнэт-байцоў. Так і засталася гэтая гісторыя разборкай на заднім падворку школы.Чакаем вынікаў спрэчкі разам. Хутчэй, хлопцы, зіма блізка!

P.S. Усе матэрыялы дададзеныя з дазволу абодвух бакоў.