Імя: A.E.O.N.
Гурты: Massenhinrichtung, Folcore
Пасада: галоўны спецыяліст па супрацоўніцтве з замежнымі краінамі
Месца працы: навукова-вытворчы холдынг дакладнага машынабудаваньня “Планар”

Як Вы трапілі на цяперашняе месца працы? І чым дакладна даводзіцца займацца?
 

Скончыў факультэт маркетынга, менеджмента, прадпрымальніцтва ў БНТУ, пасьля пайшоў працаваць маркетолагам на “Планар”, літаральна праз некалькі год стаў выконваючым абавязкі начальніка аддзела маркетынгу. І нядаўна мяне перавялі ў кіруючую кампанію холдынгу. Галоўны спецыяліст па супрацоўніцтве з замежнымі краінамі – гэта нешта сярэдняе паміж маркетынгам, зьнешнеэканамічнай дзейнасьцю і вытворчасьцю. Даводзіцца вельмі часта езьдзіць у камандыроўкі, праводзіць перамовы, знаёміцца зь людзьмі, заключаць кантракты, прадаваць абсталяваньне…


Ці атрымліваецца пасьпяхова сумяшчаць працу і музычную дзейнасьць?


Я імкнуся адно з другім ня зблытваць. Часам атрымліваецца, часам – не. Аднак у мяне выдатны працоўны калектыў, і ўсе пытаньні, на шчасьце, можна вырашыць. Часам вымушаны чымсьці ахвяраваць, і, часьцей за ўсё, гэта музыка. У нас рэжымнае прадпрыемства, усё строга. Але я лічу, што гэта добра – працоўную дысцыпліну яшчэ ніхто не адмяняў. Мне вельмі прыемна працаваць менавіта на дзяржаўным прадпрыемстве, таму што ты рэальна адчуваеш, што карысны сваёй краіне. У гэтым таксама заключаецца самарэалізацыя. За ўвесь час, што я працую на “Планары”, мой сьветапогляд трохі зьмяніўся. Ніколі б не падумаў, што буду працаваць у гэтай сферы.

 

 

А цяпер прызвычаіўся, і мне падабаецца, хоць часам жыццё праходзіць у дарозе. Падчас вучобы было такое, што на некалькіх працах падрабляў і пасьля дзвюх начных зьмен ішоў на начны запіс. Давялося папрацаваць начным сторажам, прыбіральшчыкам, падсобным рабочым, фрэзероўшчыкам… Было цікава, ды й у юнацтве ўсё успрымалася прасьцей. Можна было ня спаць начамі. Увогуле я лічу, што, калі хочаш займацца музыкай, аніякія працы табе не перашкодзяць. Заўсёды можна знайсьці кампраміс. Хтосьці ные, што няма грошаў ці часу, аднак у самых складаных абставінах можна выкраіць крышачку часу, каб заняцца тым, што зь цябе прэ. А калі ня прэ нічога, то ня трэба на гэта ўвогуле час траціць.


Дапамагаюць навыкі, атрыманыя на вучобе/працы, у музычнай дзейнасьці?
 

У першую чаргу – ангельская мова. Выключна дапамагла ў зносінах з лэйбламі, дзеля выпуску альбомаў. Яшчэ нямецкая, беларуская… Беларуская мова ўвогуле ідзе са мною поруч – школа была беларускамоўная, ва універсітэце шмат прадметаў было па-беларуску. Маркетынг… Ёсьць крыху. Але метал – гэта ж антыкамерцыйная музыка. Я буду рады, канешне, калі хтосьці выйдзе ў людзі і заробіць на металічнай музыцы шмат грошаў. Пакуль гэтага няма. А займацца металічнай папсой асабіста мне нецікава.


Кім марылі стаць у дзяцінстве? Музыкам?
 

Асаблівых мараў не было. Доктарам, касманаўтам, лётчыкам быць не хацеў. Музыкам, шчыра кажучы, таксама. Хіба толькі калі вучыўся ў музычнай школе. Мая настаўніца па хоры была галоўным прыкладам, і, магчыма, шмат чым я ёй зараз абавязаны. Выходзячы на сцэну часта ўзгадваю, што была такая Алёна Сяргееўна. Прыемныя ўспаміны…
Хацелася быць падарожнікам, вандроўнікам, але гэта ня праца, а лад жыцьця. У прынцыпе, я і зараз прытрымліваюся гэткага ладу жыцьця. У тым ліку, дзякуючы працы.


Што рабіць маладому музыку, калі хочацца тварыць, а соцыум, сям’я ціснуць з “сур’ёзнай прафесіяй”?
 

На мой погляд, працягваць займацца тым, чым яму хочацца, калі ён насамрэч можа нешта паказаць. Лічу, што чалавек павінен сам прыйсьці да сваёй прафесіі. Галоўнае – даказаць сабе і блізкім, які ты чалавек на самой справе. Калі ў табе ўбачаць рознабаковую асобу, будзе шмат шляхоў дзеля разьвіцьця.
Маці і бацька спрабавалі мяне пераканаць наконт музыкі, а потым убачылі, што ў мяне атрымліваецца, пачалі падтрымліваць. Шмат чаго ўдалася дзякуючы бацькам, за што ім, канешне, вялікі дзякуй. Я мог у “кулёк” паступіць бяз конкурсу, былі прэферэнцыі, аднак з парады бацькоў усё ж такі пайшоў у БНТУ. Зь мяне гэта зрабіла абсалютна іншага чалавека, аб чым я ніколькі не шкадую. Ёсьць нават такая прымаўка: калі ты па прафесіі музыка, шукай сабе цалкам іншую працу. Музыка – каштоўная забава, таму трэба добра працаваць.
Увогуле, метал аб’ядноўвае людзей, а не прафесіі. Вельмі прыемна, калі дырэктар, старшы памочнік прыбіральніка, мэнеджэр сярэдняга зьвяна могуць на канцэрце разам, абняўшыся, падтрымліваць якую-небудзь крутую каманду і адчуваць сябе людзьмі аднаго ўзроўня. Гэта каштуе многага.