- Лорд Стрэтфард? – запытаў невысокі, ужо ва ўзросьце мужчына. – Можа быць, пачнем?


Гэты чалавек, вядомы як доктар Шыдлі, меў непамерны талент у стварэньні рэчаў, матэрыяльных і не, якія зь цягам часу набывалі ўсё большае прызнаньне, нібыта добрае французскае віно. За гэта яго празвалі “самелье”, але ніводны дух дакладна ня ведаў, чым займаецца ён у жыцьці.




- Так, так! Зараз пачнем! – з глыбіні высокай і прасторнай залы пачуўся голас лорда Стрэтфарда. Было цёмна, толькі мітусьлівыя языкі вогнішча ў каміне блікавалі на яго твары. Гэта быў мужчына шасьцідзесяці гадоў, зь вельмі густой і сівой шавялюрай і выразнымі, як у дваццацігадовага юнака, вачыма. Ён скончваў смакаваць шатландскі брэндзі і вось-вось быў гатовы пачынаць.


- Лорд Стрэтфард, вы ведаеце, што першая эмоцыя – заўсёды самая шчырая?

- Не, мне гэта не патрэбна, – адказаў Стрэтфард, – гэта ваша справа, ваш хлеб, ці ня так? – ён паглядзеў на Шыдлі скрозь цемру, і яго позірк быццам запоўніў кожны кут у гэтым палацы.


– Вы правы, і тым ня менш, вы ведаеце, пра што я кажу, – трапна і хутка вымавіў Шыдлі, здымаючы свой чорна-шэры цыліндр – падарунак ад аднаго зь мінулых заказчыкаў з Уэльса або з халодных берагоў Тэрса.

- Тады пачнем з уводзінаў. Гэта павінна быць кароткае, але вельмі імклівае ўражаньне! – рапартаваў лорд Стрэтфард, – уражаньне на кожны дзень! – пасьля гэтай фразы яго твар азарыла радасьць, – на кожны дзень!



- Запісаў, – коратка і суха адказаў самелье, – гэтай нотай можна адкрыць моц і надзею на далейшы працяг! – ён заўсёды выкарыстоўваў свае “вінаробныя” тэрміны.

- Вось так! Вельмі нядрэнна! – лорд Стрэтфард адставіў келіх убок, – брэндзі ў ім не было, таму ўся яго ўвага аддалася творчаму працэсу.



- Далей я прапаную зрабіць невялікую паўзу, дадаць аб’ёму, каб увесь букет раскрываўся нота за нотай, нібыта па старонках кнігі, паступова – і пачнем з гэтай, трэцяй, ноты! – доктар пачаў хутка рабіць запісы ў сваім нататніку, нават не чакаючы адказу ад Стрэтфарда.


- Няхай гэтая нота пераліваецца зь яскравых фарбаў на лёгкі ветрык з палёў Праванса, – яны паглядзелі адзін на аднаго і адразу зразумелі – гэта тое, што яны абодва і мелі на ўвазе.



- А далей, – амаль ускочыў доктар, – далей мы зробім пераход з гэтага стракатага букету на больш цяжкія ноты, але ня вельмі цёмныя, каб дадаць цікавасьці!

- Тое, пра што вы гаворыце, – выразна, робячы акцэнтаваныя паўзы, вёў гаворку Стрэтфард, – можна назваць невытлумачальным смуткам!

-  Лепш “Необъяснимой печалью” – быццам адрэзаў Шыдлі, – вы жадаеце, каб я яшчэ больш збавіў радасьць і натхненьне і дадаў філасофіі і няспынных мараў аб вечным? – яго голас набываў цяжкае, нібыта сьвінец, адценьне і напрыканцы амаль зьмяніўся шэпатам.



- Філасофія? Няспынныя мары аб вечным? – у паветры завісла паўза, якая, здаецца, доўжылася стагодзьдзе, мабыць больш, – вы чытаеце мае думкі! Таму вы лепш за ўсіх, так, доктар? – з гэтымі словамі лорд Стрэтфард узьняўся са скуранога крэсла, якое было зроблена па асабістым заказе ў самым дарагім і элітным месцы ў цэнтры Лондана, падышоў да Шыдлі і паклаў руку на яго плячо.



- Атрымліваецца вельмі цікава! Не спыняйцеся, доктар! – Стрэтфард сачыў за самелье, нібыта маленькі хлопчык назірае за Супермэнам.

- Самы час раскрыць энергію і выразнасьць, зрабіць крок наперад, каб да букету далучылася нешта магутнае, велізарнае і шырокае! – працягваў Шыдлі. – Нібыта на вайне, я лічу!

- Вайна? – уздыхнуў лорд. – Можа, ня гэтым разам? Я ведаю, што вы выдатны творца, але…



- Насамрэч – вайна! Ведаеце, лорд, гэта для кожнага сваё, сапраўднае, непаўторнае, тое, з чым мы доўгімі часамі, год за годам, разважаем сам-насам з сабою, тое, што засталося, ды тое, што сышло зь цягам часу!



Пасьля гэтых словаў доктар, які быў апрануты ў клятчасты двухбортны касьцюм, белую кашулю і чырвона-крывавыя брогі, на момант спыніўся, а пасьля выдаў:

- Гэта тое, пра што мы нікому не гаворым…“Статистика потерь”!



Стрэтфард углядваўся ў гэтага бясспрэчна таленавітага мужчыну і, здавалася, ад першапачатковай сумленнасьці, строгасьці і памяркоўнасьці аднаго з самых багатых людзей у Брытаніі не засталося і ценю.

- Далей, далей, доктар! – амаль не міргаючы і ня дыхаючы, коратка адказаў Стрэтфард.


- Я бы зрабіў акцэнт на тым, што ўсё зьмяняецца, цячэ няспынна. І вось, ты сёньня любіш чорны, а заўтра белы, углядаешся ў далечыню і разумееш, што ўжо ня той, кім лічыў сябе дзень таму! – нібыта на адным дыханьні адказаў Шыдлі. – Ты разумееш, што ты перастаў быць сабою… – яго голас зноў зьнік. Паўза, якую перапыняў толькі трэск сухіх бярвён з каміну, доўжылася вечнасьць… а можа, і больш…


- Я жадаю больш надзеі! Надзеі, якая жыве ў кожным і якая прымушае зрабіць яшчэ адзін крок у цемру! – выдаў лорд і сам зьдзівіўся сваім словам.

- Ведаеце, сябар, – працягваў доктар, – я бы скончыў гэты неаднародны твор апошняй нотай, якая, нібыта парфума, засталася б пасьля ўсіх нот, – адрапартаваў Шыдлі і паглядзеў на Стрэтфарда.



- Гэтае пачуцьцё, калі ідзеш у імглу і ведаеш, што наперадзе будзе сьвятло – вам яно вядома? – запытаў лорд.

- Так, – безь хістаньняў, гледзячы ў вочы, адказаў Шыдлі, – у такія моманты трэба глядзець насустрач цемры, рабіць яшчэ і яшчэ, – доктар спыніўся на момант, – трэба глядзець адкрытымі вачыма, – ён зрабіў яшчэ адну паўзу, – не зажмурваючыся.



- Вельмі добры купаж! Я дужа задаволены! – не спыняючы зрокавага кантакту, Стрэтфард паціснуў руку Шыдлі.


Цішыня, якая павісла ў той момант, здавалася, расколвае гэты сьвет на маленькія часткі. Больш ніхто зь іх не прамовіў ні слова, акрамя кароткага дыялогу:

- Што напісаць на самым галоўным месцы? – запытаў доктар у Стрэтфарда.

- Штосьці, што будзе натхняць і весьці наперад. Заўсёды, – пасьля кароткай паўзы ён выдаў, – хай будзе “Абуджэньне нашых успамінаў”.



Але ведаеце, доктар?.. – запытаў Стрэтфард, і яго вочы, быццам два яркія дыяменты, пранізьліва сфакусіраваліся на Шыдлі. – Зрабіце гэта па-ангельску: “Awakening Our Memories”.



Яшчэ адно заданьне было зроблена. Можна было выдыхнуць.