Два гады таму непрагляднай цемрай накрыла белметал-сцэну. Няма больш адпаведнага часу для зьяўленьня блэк метал-гуртоў, чым Хэлоўін. Менавіта ў такі дзень на канцэрце я ўпершыню ўбачыла Moruga. Калі сабраць усе дзявоцкія фантазіі аб брутальных мужчынах, макіяжы і сьмерці ў адно, на выхадзе вы атрымаеце харызматычнага франтмэна гурта Moruga – Яўгена Халманскіх. Малады, але амбіцыйны калектыў запомніўся многім, і выступы на лакальных вечарынах не прымусілі сябе чакаць.

– Moruga – адзін з самых запамінальных і яркіх гуртоў у сваім стылі. Прайшло два гады з моманту стварэньня гурта. Якія яркія мерапрыемствы засталіся ў памяці, і які вопыт набыў калектыў, і вы ў прыватнасьці?


«Музыка – гэта не вытворчасьць, а творчасьць»



– Два гады проста праляцелі. Натуральна, некаторыя планы ссунуліся, бо гэта не вытворчасьць, а творчасьць. Былі як набыцьці ў асобе клавішніцы, так і страты: за гэты час ад нас сышлі тры гітарысты. Што тычыцца выступаў, адчулі сцэны рознага памеру, навучыліся хутка пераапранацца і фарбавацца (даведаліся, што такое спонжык і мiцэлярка :)). Нейкі асобны канцэрт ня вылучу, кожны добры па-свойму. Асабісты набыты досьвед – гэта, вядома, праца з калектывам.




– Прыемным набыцьцём зьяўляецца ваша выдатная клавішніца. Распавядзіце, як так атрымалася, бо яшчэ год таму закладам суладнай працы ў гурта быў пункт "адсутнасьць жанчын у калектыве"?


– Так, два гады таму мы яшчэ мераліся ээээ... харызмай, і калі яшчэ закінуць дзяўчыну ў гэтае пекла... ніякай творчасьці і не атрымалася. Зьяўленьне клавішніцы – гэта наш рост у прафесійным плане.


– Ці зьмяніўся творчы працэс унутры калектыву з прыходам новага чалавека, ці вы зладжаны / сыграны арганізм?


– Вядома, зьмяніўся. З прыходам любога новага музыкі прыходзіцца практычна зноўку ўсё ладзіць, бо гэта новая энергетыка. Таму і некаторыя планы ссунуліся: толькі сыграліся, і бац, зьмена складу. Але я думаю, што зараз мы ўжо сталі адзіным арганізмам, хоць ёсьць яшчэ ідэі, якія пакуль я ня буду выдаваць :)



– Што на дадзены момант адбываецца ў творчым жыцьці гурта? Якія рэлізы, канцэрты, сюрпрызы можа чакаць глядач?


– Хочаш расьсьмяшыць бога, раскажы пра свае планы :) Вельмі хочацца выпусьціць у сеціва ЕР, працэс зьвядзеньня і дызайну якога вядзецца менавіта зараз. У плане выступаў мы вырашылі выехаць зь Менску: 23 сьнежня вадзілі карагод у Баранавічах, а 3 студзеня езьдзілі пахмяляцца ў Піцер з Atrahasis (Масква) і Teodolit (Санкт-Пецярбург). [Зараз гурт чакае яшчэ прынамсі адзін найбліжэйшы канцэрт – 16 студзеня ў Менску – заув. BM].

– Дарэчы, пра канцэрты. Зусім нядаўна ў клубе Re:Public прайшлі "Восенi Ратаўнікі", вы працавалі над гукам Vapor Hiemis, як так атрымалася? Таксама цікава пачуць вашае меркаваньне аб мерапрыемстве.


– Я ж прафесійны гукарэжысёр і працую па спецыяльнасьці. Чытаў нядаўна водгук пра адзін з блацк-канцэртаў: "Па віне гукачоў вакаліст супер тру-гурта сарваў голас, а гітарысты налажалi", – гурт, якi ніводнага разу не выступаў ужывую. Стала крыўдна за калегаў (гукачоў). А Vapor Hiemis – спецыфічны гурт зь нестандартным саўндам, вось я і прапанаваў сваю дапамогу. Вельмі цікава было папрацаваць зь імі, тым больш я знаёмы са Славам Зімой, а з Наргам мы наогул больш за дзесяць гадоў маем зносіны. Я люблю працаваць на жывых канцэртах за пультам, асабліва зь металам. Наконт "ВР", дзякуй Вользе Вячэрскай за арганізацыю і атмасферу :)

– Гурт Moruga быў створаны з пэўнымі камерцыйнымі мэтамі. Што можна сказаць па сканчэньні двух гадоў? Ці дасягальныя яны? Ці магчыма ў Беларусі зарабіць на метале?



«Без карцінкі і відовішча ніводны арганізатар ня дасьць вам на хлеб»



– Хутчэй "зь Беларусі" можна зарабіць на метале. У нас выдатная база для адпрацоўкі жывых выступаў, каб потым ехаць туды, дзе плацяць. Але гэта, вядома, пры наяўнасьці выдатнага матэрыялу і шоў. Бо без карцінкі і відовішча ніводны арганізатар ня дасьць вам на хлеб. Мы цяпер ужо на парозе, і, думаю, увесну-ўлетку выступім у Еўропе. Усе ж памятаюць Irdorath на Wacken 2017? Усё дасягальна :)

– Вас часта параўноўваюць з такімі монстрамі, як Cradle of Filth і Dimmu Borgir, вы граеце ў сталым і добра вядомым стылі. Рамкі стылю ня ціснуць? Ці ёсьць жаданьне дадаваць нешта новае, ці вы за класіку?


– Так, таааак! Працягвайце, "як Крэдлы і Дзіма Боргер"! Калі разглядаць стыль old school sympho black metal, рамкі наогул ня ціснуць. Мы граем ад душы тую музыку, на якой вырасьлі, і рэалізуем свае мары! Класіка бесьсьмяротная.


– Ці ёсьць грандыёзныя планы ў гурта Moruga на наступныя два гады, і якія?


– Хочам сыграць на адной сцэне зь Behemoth, Dark Funeral і Dimmu Borgir (хай гэта будзе любы час і любая сцэна). А ў Cradle of Filth – на разагрэве.


Moruga знаходзяцца ў пачатку свайго творчага шляху, і будзем спадзявацца, што ён будзе доўгім! Ну а пакуль будзем чакаць, чым яшчэ яны нас пацешаць.