Вось ніколі б не падумаў, што тонкі баланс паміж дэпрэсіяй і мімалётнай тугой можа быць знойдзены. Знойдзены ў такім выглядзе. Выглядзе бяз словаў. Словаў, якія б падштурхнулі гэтую і без таго крохкую мяжу ў той ці іншы бок. Мой унутраны крытык падчас праслухоўваньня казаў толькі адзінае слова: “Атмасферненька!”. І ведаеце – гэта вельмі прыемна, што рэліз зроблены ў такіх адценьнях. Штосьці аб’ёмнае ад пост-року ў нейкім дзікім міксе з усімі фішкамі блэку: бластбітам, пераменным штрыхом, пасьлядоўнасьцю партый.



Усё, аб чым ідзе гаворка вышэй, датычыцца гурта krvvla. І іх кружэлкі "Ø". “Усё, усё? Можа быць, вы нешта ня так скапіявалі, або зразумелі?" – лагічна запытаецеся вы, паважаныя чытачы. Я адкажу проста: “Усё так, як сьпяваў Ягор Летаў – “па плане””. На маю думку, такая вайсковая лаканічнасьць не ад недахопу ідэяў. Нават наадварот – па накіраванасьці ўсіх трэкаў бачна, што матэрыял ня быў высмактаны з пальца, а быў выбар, па выніку якога запіс набыў такі канчатковы выгляд.



Мяркую, што з назвай тое ж самае – былі варыяцыі, былі больш добрыя і менш, але напрыканцы мы маем “Ø”. Вось так бязгучна, проста і неадухавана. Няхай кожны для сябе зробіць уласныя высновы. Бо вельмі няўстойлівы баланс, нібыта падчас Халоднай вайны, адкрывае весьніцы ў невялічкі (здаецца, на дадзены момант) сьвет музыкі хлопцаў з гурта krvvla. Атмасферныя кампазіцыі даюць вольнасьць ва ўспрыманьні кожнай зь іх!



Чаму людзі наведваюцца ў вялікія і ня вельмі клубы, дзе анансаваны выступ блэк-металічных гуртоў? Адзін з адказаў гучыць так: блэк метал, нягледзячы на ўсё, што пішуць пра яго ў Вікіпедыі, стварае вельмі ўстойлівую і аб’ёмную атмасферу. Гэта ня выступ Muse (вельмі добры гурт, кажу пра яго толькі з-за паказальнасьці прыкладу), дзе спачатку аўдыторыю раскачваюць, потым ідзе больш павольная частка, а потым зноў кач. Ну і напрыканцы выхад на воплескі. У дадзеным выпадку ёсьць сталая атмасфера, якая ахутвае цалкам і паглынае, нібы магутны пітон.



Але вяртаемся да krvvla. З усіх напрамкаў металу мне менш за ўсё падабаецца менавіта дэз, а потым ідзе блэк. Але як у кожным правіле ёсьць выключэньні, так і ў стылі блэк ёсьць чорныя конікі (якая гульня словаў атрымалася!). Нават калі я даслухаў да канца, я паставіў на паўтор.


Такія альбомы павінныя распаўсюджвацца ня толькі ў Беларусі, але таксама і за мяжой. Гэта як вішанька на торце – аформлены выступ з блэк-металічнай калабарацыі будзе вельмі напорыстым у любым выглядзе, але менскія хлопцы з krvvla дадаюць і дапаўняюць блэк-сапраўднасьць прыгожымі штрыхамі. Быццам бы нябёсы ўначы – параўнайце іх чорна-сінюю пустоту з зоркамі і бязь іх. І ўжо потым мы разглядаем інструментальную частку.



А ў ёй нічога адметнага няма. Так, нічога. Ну блэк, ну бластбіт, ну сьцяна гуку. Але ведаеце, як кажуць на карэйскім паўвостраве, ня ў гэтым сабака закапаны. Увогуле, рукі растуць адтуль, адкуль трэба. Але як добра падабраныя пераходы! Гэта тое, з чаго я адразу слухаю і пераслухоўваю музыку – дысанансы! Штосьці з такога я чуў, калі ў калонках гралі бірмінгемскія хлапчукі (на той момант) з аднайменнай песьняй "Black Sabbath". Гэта і проста, і вельмі выразна адначасова. Ісьці па шляху спрашчэньня – заўсёды выйгрышны варыянт!



Я жадаю гурту толькі адное – каб іх пачула як мага большая колькасьць людзей. Бо такія рэчы гавораць пра вельмі пазітыўныя зьмены на беларускай цяжкай сцэне!


P.S. 23 сакавіка krvvla выступіць разам зь бельгійскімі блэкерамі Wiegedood, а 30 сакавіка разагрэе французаў-авангардыстаў Celeste. Калі жадаеце падтрымаць праект ByMetal, квіткі на гэтыя канцэрты можна набыць па спасылках.