Падыходзь сюды, чалавек. Бліжэй-бліжэй. Ня бойся, мне ня важна, хто ты: адважны паляўнічы першабытнага племені, высакародны рыцар, просты і адчайны касінер, ці нават суровая паўночная валькірыя. Разам сядайце ля вогнішча, бярыце келіхі зь мёдам і слухайце. Зараз я распачну свой аповед. Сказ пра нешта незвычайнае. Сагу пра Люты фэст.

Чуеце, як празь зімовую шугавею, сьнежную завіруху, люты холад здалёк даносяцца нейкія гукі? Баявыя клічы, стук поўных кубкаў, шэпт каханьня? Гэта ўспаміны пра нешта ўжо мінулае, але ўсё яшчэ жывое. Пра тое, што адбылося 10 лютага ў сталіцы блакітнавокага краю. 


Бачыце таямнічыя фігуры, адначасова страшэнныя і прыцягальныя? Тыя, што з пачатку часоў вядуць сваё няспыннае паляваньне. Тыя, кім матулі пужаюць непаслухмяных дзетак. Тыя, ад паляўнічых крыкаў якіх стыне кроў у жылах самых адважных ваяроў, якія зайшлі ў лес крыху далей, чым планавалася. Plemя. Менавіта гэты загадкавы гурт кінуў першыя дзіды, што адразу й наскрозь прабілі сэрцы ўсіх наведвальнікаў.


Каларытны вакаліст зь ня менш каларытнай мянушкай Убуй Кувалда, неверагодна маляўнічыя касьцюмы, моцная, першабытная музыка. Кантраст з харэаграфіяй прыгажунь Ketri, якія трайблам упрыгожвалі выступ хлопцаў. Нядрэнны гук і зь першых хвілін моцная падтрымка ўсяго танцпляцу. Гэта была тая самая дужая, драматычная і насычаная прадмова, што так неабходна кожнай сапраўднай Гісторыі. 


Адчуваеце боль далёкіх крыкаў страшэнных Гарма і Фенрыра? Пакуль што Глейпнір трымае, але колькі часу пройдзе, пакуль жудасны Нагльфар, карабель з пазногцяў мерцьвякоў, прыб'е да берагу нашага Сярэдняга Сьвету? Здалёк на гарызонце зьявіўся парус. Адзінокі ветразь колішніх суайчыньнікаў полацкага князя Рагвалода на гэты раз падняўся да нас з поўдня. Дракар пад назвай Midgard.


Вясёлыя і мужныя, заліхвацкія і брутальныя. Украінскія хлопцы з паўночнымі сэрцамі як маглі аддалялі Рагнарок. Драйвовая энергетыка, добрыя сцэнічныя паводзіны проста ўшчэнт разносілі Рэпаблік. Нават некаторыя праблемы з гукам, які часам нагадваў паходную кашу (сто адсоткаў, хітрыкі зласьлівых ётунаў) не змаглі сапсаваць таго пачуцьця асалоды ад бітвы, якое падаравалі нам гэтыя выбітныя ваяры. 


Толькі на імгненьне заплюшчылі мы вочы. І вось, замест дракара, што вечна плыве змагацца са злом, у нас задумлівыя пусткі беларускіх балот. Палескі Omut усталяваў сваю ўладу над прасторамі менскага клубу.


Дапамагаў надзіва (асабліва для такой колькасьці інструментаў) добры гук, як заўсёды, непаўторна-неверагодны вакал сьпявачкі Эльвіры, цікавы музычны матэрыял, што ўдала спалучае глыбокія журботы беларускага народу і яго ж надзеі на лепшае з па-сапраўднаму моцным гучаньнем сучаснага металу.


Трэба адзначыць, што і выглядаць на сцэне гурт пачаў на новым, значна болей высокім узроўні. Сапраўдны амаж сучаснага гурта аўтэнтычнаму палескаму духу. 


Але што гэта? Страшэннае трасеньне зямлі, чорныя хмары, сьмяротны холад, стогны адчаю... Цяжкія молаты бясконца б'юць, рыхтуючы чарговую армію для служэньня Моргату Баўгліру. Усе гэтыя гукі мы маглі б пачуць, калі б апынуліся на поўнач ад Жалезных гор напрыканцы Першай Эпохі. Змрочнае месца пад назвай Forodwaith.


Менавіта адтуль прыйшлі гэтыя таямнічыя вандроўнікі. Ці то рэшткі шэрых эльфаў Белерыянда, што цудам ацалелі пасьля разбурэньня сваёй чароўнай краіны. Ці то аскепкі народу Хадора Залатагаловага і Турына Турамбара, апошнія зь людзей, хто не схіліў галаву перад бясконцай нячыстай магутнасьцю Мелькора. 


Меладычны і цяжкі мелодык дэт з крыху фолкавым адценьнем, змрочны эпік безнадзейнай, адчайнай барацьбы і нястрымная весялосьць піру пасьля выйгранай бітвы. Добры гук, чароўная атмасфера. Але ня гэта, і нават не шаленства аўдыторыі (як і на працягу ўсяго канцэрту, ад першых хвілін да апошніх) стала кульмінацыяй выступу.


У адзін з момантаў бубнач сьціпла падышоў да мікрафона. Бяз пафасу, ціха. Як калісьці стомлены страшэннай бітвай Берэн спусьціўся на палі Дарыята і сустрэў сваю Люцыэн Цінувіэль. І зрабіў ён тое самае. Пры ўсіх прапанаваў сваёй дзяўчыне стаць ягонай жонкай. Ведаеце, амаль кожнаму значнаму твору неабходна лірычная кульмінацыя. І сьлёзы дзяўчын, падтрымка залы і гэты ўчынак простага хлопца сталі тым, што робіць з проста выдатнага гігу той, што застанецца ва ўспамінах назаўжды.


Што было далей? Ад эпічных паданьняў толкінаўскай Арды мы адышлі ў космас. Фірмовы беларускі космас з аўтэнтычным густам. У жывы і актуальны сусьвет пад назвай Re1ikt. Стаўшы ўжо даволі знакамітымі, атрымаўшы шэраг розных узнагарод, хлопцы толькі дадалі ў прафесійнасьці, якасьці і любві да таго, што яны робяць.


У нейкай ступені Re1ikt выпаў з абоймы больш цяжкіх гуртоў, тым ня менш яны стварылі нешта сваё, зьмяшаўшы непаўторны эмацыянальны вакал з рокавым драйвам, дробкай псіхадэлічнасьцю, тонкім густам. Яны ўцягнулі ўсіх нас у сьвет загадкавай задуменнасьці, інтымнай лірычнасьці і ледзь не містычнага ўвасабленьня тых вобразаў, што пануюць у галаве кожнага, хто хоць калісьці задумваўся пра нешта вечнае.


З космасу мы, як метэор, выпадкова вяртаемся на зямлю. Блакітныя азёры, сьпевы птушак. Гук касы, якую точаць для чарговага жніва... Але што гэта? Азёры болей не блакітныя, яны ружова-чырвоныя ад крыві. Пяюць свой сьпеў не жавароначкі, а велізарныя крумкачы. А каса точыцца не на жыта, а на чарговага захопніка, які паспрабаваў прынесьці ў Беларусь свае ўласныя парадкі.


Але ня ўсё так проста, бо чуем і бачым мы Адарвірог, што ў перапынку паміж п'янкамі з д'яблам, жартамі пра мамак і анекдотамі катэгорыі Б абароняць родную зямлю ад праклятых супастатаў, пасьпяхова перабалеюць сярэднявечнымі венерычнымі захворваньнямі дый спаляць вядзьмарку-другую (але прыгожых усё ж крыху пазьней).


Гэты малады фолк-метал гурт ілюструе тое, з дапамогай чаго беларускі народ перажыў стагодзьдзі страшэнных падзей. Сапраўдную моц і мужнасьць, каляровую паэтычнасьць, даўкі гумар, сапраўднае каханьне. Так, каханьне, зноў не абышлося безь яго, недарма менавіта ў лютым адзначаецца Дзень усіх закаханых. Бо ў сярэдзіне выступу вакаліст Лёня пазваў на сцэну дзяўчыну. Зрабіў ёй тую самую прапанову, што бубнач Forodwaith парай гадзін раней. І атрымаў той самы адказ.


Люты фэст атрымаўся звышневерагодны, ён падняў планку беларускіх фестываляў да нябёсаў. Экстрэмальна моцны і роўны склад гуртоў, якасная арганізацыя. У цэлым выдатныя (асабліва для Рэпабліка) сьвятло і гук. Стоадсоткавая аддача людзей у клубе з пачатку і да апошніх імгненьняў.


Дзе б яшчэ вы пабачылі зусім маленькага, але ўжо адважнага хлопчыка, што пабёг у самы цэнтр піту перад пачаткам сьцяны сьмерці? І дзе яго не забілі вялізныя металхэды, а ветліва пачакалі, пакуль нехта не адвядзе ўбок? Вы калі-небудзь чулі адначасова пра дзьве рознастылёвыя, але нязьменна кранальныя прапановы ажаніцца на адным канцэрце ад прадстаўнікоў двух розных, але аднолькава файных гуртоў? Вы калісьці сустракалі, каб нейкі фэст быў такім па-сапраўднаму лютым, гарачым і... цёплым?


Я – не. Але спадзяюся, што маладая пакуль традыцыя Лютых фэстаў будзе толькі працягвацца і ўзмацняцца. Хай Люты і далей будзе лютым, вельмі спадзяюся сустрэцца з гэтым фэстам зноў, ужо ў наступным годзе.