Па краіне ўпэўнена крочыць новая агенцыя AIR Agency, якая ўяўляе калабарацыю прадстаўнікоў гуртоў Among Your Gods і Kliodna. За іх плячыма цудоўна праведзены клубны фестываль Female Metal Force, які адзначыўся трапным падборам гуртоў (сабралі сімпатычны сімбіёз з гуртоў з прадстаўніцамі чароўнага полу на вакале, узгадаўшы і аршанцаў Argos, і даўно чутых і толькі нядаўна вярнуўшыхся Frozen Garden), прапрацаванай тэхнічнай часткай (намінацыя на найлепшае пабачанае ў менскім Brugge сьвятло), асабліва сяброўскай атмасферай і буйной колькасьцю народу.


Далейшым жа прыпынкам агенцыі была Mass Metal Mania ў родным для Among Your Gods Наваполацку. У кадцы з грандамі беларускай метал-сцэны Aillion, таленавітымі навапалачанамі Detroit Hills і нязьменнымі Kliodna гэтым фэстам і задаваўся, як было анансавана, новы стандарт айчынных канцэртаў.


Назіралася цікаўнасьць людзей з іншых гарадоў – пераважна менчукоў, – якая была спаўна ўзнагароджана: для адносна невялікага моднага клубу "Пластылін" гукачы нарулілі проста неверагодны, пругкі, чытальны і збалансаваны гук, які дазваляў чуць бадай кожную нотку ў выступе гуртоў, якія, у сваю чаргу выявіліся ва ўсёй красе: Detroit Hills паказалі ўзровень вышэй на галаву за гурт-адкрывашку, прапанаваўшы сьпелага і якаснага гіпнатычнага пост-року, Kliodna канчаткова сфармавалася як адзіны арганізм пасьля перафармаваньняў складу і бездакорна выдала шчыльную сімфа-паўэр-праграму, дзе месца знайшлося і каверу "Nemo" Nightwish, і сьвежай беларускай версіі песьні Frozen Soul/Халоднае сэрца.


Among Your Gods таксама знайшлі свой свэг, упэўнена і па-даросламу раздаючы якаснага меладэзу шведскай школы. Aillion жа паказалі асаблівую замарочанасьць па візуальным сімвалізме, упрыгожыўшы свой выступ дэкарацыямі зь дзясяткаў трох тэлевізараў (Эра чорных люстэркаў жа).


Ад імя ByMetal адзначым выключна прыемныя ўражаньні ад праведзенай імпрэзы і яе высокі ўзровень і пажадаем арганізатарам захоўваць той жа імпэт на будучыню, так трымаць! Наступны прыпынак – Underground Universe United 12 красавіка ў менскім Berlin'е з адмысловымі гасьцямі зь Піцера і абоймай беларускіх каманд.


P.S. У дарозе мы паразмаўлялі з Лэсьлі Найфам для праграмы "Пералётная піца", зрабіўшы ў гэтым наваполацкім выпуску некаторыя накіды на далейшы выпуск з намі асабіста, для якога чакаем вашых пытаньняў.

І няхай жыве метал!