Вось слухайце загадку: трое хлопцаў, нават не хлопцаў, а самастойных, вялікіх мужыкоў, якія граюць прагрэсіў-метал, і граюць вельмі выразна і сумленна – хто гэта? “Animals As Leaders”, адкажаце вы. А вось і не! Гэта беларускі гурт Essence of datum, пра якіх мы будзем весьці гаворку сёньня. Але адкіньце ўсе параўнаньні і клішэ – гэта незвычайная, самабытная беларуская музыка!



Слухаць усім абавязкова! Я бачыў (і працягваю бачыць на сёньняшні дзень) вялікую колькасьць гуртоў, якія ў сваёй прыналежнасьці да музычных стыляў пішуць слова “прагрэсіў”, але такімі не зьяўляюцца. У выніку многія лічуць, што прагрэсіў увогуле не прагрэсіў, але вось вам глыток сьвежай вады – кружэлка пад назвай “Nevermore” гурта з краіны Сінявокай Essence of datum. Пачнем разьбіраць па костках!



У інструментальных гуртоў заўсёды ёсьць некая магічнасьць: з-за адсутнасьці вершаў кожны слухач можа для сябе ўявіць штосьці сваё ў кожнай песьні, у кожным новым гуку, або іх спалучэньні. У некаторых выпадках – таксама ў назве гурта. І вось вы клікаеце “play” на вінампе, аімпе – ці што вы там маеце? – і абмаляваны музычны матэрыял цячэ ў вушы, трэк за трэкам, хвіліна за хвілінай, і напрыканцы ў галаве, нібыта яркая лямпачка з вальфрамавым асяродкам, нараджаецца думка: “Вельмі добра! яшчэ раз”.



Менавіта так трэба слухаць дадзены запіс – усе песьні разьмешчаны ў неабходным парадку, як у ангельскай бібліятэцы, і ствараюць адзіную, дужа інтэлектуальную і захапляльную кавалькаду зь яскравага і такога рознага супрацьстаяньня ўсім вядомых інструментаў! Толькі так (хоць бы ў першы раз) вы павінны даць сабе шанец пачуць гэтую кружэлку! Бо, буду сумленным, я спрабаваў слухаць яе двойчы – першы раз у выпадковым парадку, а другі, як вы зразумелі, у створаным аўтарам. Гэта тры вялізныя розьніцы – першая, другая, і паміж імі, нібыта прорва, трэцяя!




У самым пачатку я казаў пра “нават не хлопцаў, а самастойных, вялікіх мужыкоў”. Вы проста пабачце як выглядаюць удзельнікі гурта! Гэта ж зь першага ўражаньня гаворыць, што такія волаты ня могуць стварыць эмакор, панк ці штосьці яшчэ “хлопчыкавае” – вы разумееце, аб чым я тлумачу. Бачна, што музыкі працуюць ня толькі над музыкай, а яшчэ над зьнешняй карцінкай – а гэта ўжо сур’ёзны падыход! А, як вядома, сур’ёзны падыход і прагрэсіў зьяўляюцца амаль лепшымі сябрамі.



Разглядаючы непасрэдна музычную частку, вялікі грэх не адзначыць якасьць канчатковага гуку. Калі вы, ня робячы велізарных высілак, праслухаеце першы трэк, а потым, як нястрымны абжора, працягнеце слухаць, то зразумееце, што кожны інструмент гучыць… Усё, ён гучыць! Вы без аніякіх напружаньняў чуеце бас, гітару, ударныя, і, што вельмі мне спадабалася, дзіўныя і, нібыта прылады скандынаўскіх вікінгаў, самабытныя інструменты ў загартаваных ад музыкальнага попыту рук беларускіх майстроў. Атрымліваецца вельмі смачна!



Больш за тое, для сябе я вылучыў такія кампазіцыі, як “Aurorae”, “Thorns” і таксама “Omen”. Але памятайце, што гэтае адбылося, калі я паслухаў усе песьні па парадку, чаго і вам жадаю! Вельмі прыемна слухаць невялічкі адхон у бок гітары, але гэта цуд нейкі! Гучыць сучасна, аб’ёмна, як вогненны подых дракона, я бы акрэсьліў. А калі вам, нібыта тру-дзэн-будысту, не хапае балансу, то слухайце аўтэнтычныя прылады – яны вяртаюць яго куды патрэбна. Але, як я ўжо казаў вышэй, існуе нейкая магічнасьць – кожны слухач можа для сябе ўявіць штосьці сваё ў кожнай песьні. І гэта тое – гэта самае істотнае – за што мы любім прагрэсіў!