Альбом задуменна адкрывае трэк "Who We Are", адразу выбухаючы цяжкімі фірмовымі рыфамі, пасьля чаго адразу ідуць люты "Red Neon Glow" і напорысты "Not Over", у якіх гучаньне аналагавых сінтэзатараў дзіўна арганічна пераплятаецца зь перагружанымі гітарамі і незвычайна грувавымі барабаннымі бітамі. Лірычныя, але ня менш магутныя "Roads, Hotels" і "After Us" напоўнены той самай меланхоліяй, за якой схаваная сіла, той летуценнасьцю, за якой ідуць дзеяньні.



У лірыцы альбому, хоць яна і ня носіць апавядальны характар, а хутчэй зьяўляецца агучанымі эмоцыямі і вобразамі, выразна прасочваецца нітка думкі, якая пранізвае ўвесь "Black Sails". Тэма нялёгкага выбару, цярністага шляху чалавека, які ня ўпісваецца ў парадыгму "нармальнага" сьвету і не жадае задавольвацца навязанымі грамадствам каштоўнасьцямі, асабліва відавочна чутная ў трывожным "Monsters", шчырым "Illumination" і эпічным "Who We Are".




Сацыяльныя праблемы хоць і не зьяўляюцца цэнтральнай тэматыкай лірыкі, але адчуваюцца нейкімі закадравымі абрысамі ў кожным трэку гурта. Характэрна, што пры гэтым Weesp не перакладае адказнасьць за лёс і душэўны стан індывіда на грамадства, насупраць – у тэкстах гучыць відавочны заклік браць сваё жыцьцё ў свае жа рукі і дзейнічаць, верыць, змагацца, шукаць свой уласны шлях. "Black Sails" – альбом пра тое, як важна заставацца сабой насуперак усяму націску звонку.


Бліжэй да канца альбому, загалоўны трэк "Black Sails" разгойдваецца на хвалях драматычных акордаў, перарастае ў буру, у якой праносіцца ўсё чалавечае жыцьцё. У гэтай песьні Weesp як бы падагульняюць: "Do not let the world break you, and you will change it one day", – што, насуперак агульнаму драматызму гучаньня, робіць яго дзіўна матываваным і жыцьцесьцьвярджальным.

Самі Weesp кажуць, што "Black Sails" – гэта ўсё іх слухачы, аднадумцы, а таксама ўсе іншыя людзі, якія адначасова так падобныя і так непадобныя адзін на аднаго, якія мараць, любяць і вераць. Станавіцеся пад чорныя ветразі, слухайце альбом "Black Sails" і знайдзіце ў ім свой уласны сэнс, бо, як і ўсе якасныя рэчы ў гэтым сьвеце, альбом не раскрывае свае карты адразу ж.