Пачнем з таго, што ў альбом увайшлі перазапісаныя песьні «Забі Выратавальніка» , «Адарвірог» ды «Харэя». Калі параўноўваць з папярэднімі запісамі, можна ўбачыць, як вырасьлі ў тэхнічным плане музыкі за некалькі гадоў. Зразумела, якасьць запісу таксама прагрэсавала.


Асобкам хочацца вылучыць колькасьць музычных інструментаў і музыкаў, якія ўзялі ўдзел у стварэньні кружэлкі. А тых і другіх было каля дваццаці! І нават калі вы не пачулі, у песьнях прысутнічаюць такія незвычайныя інструменты, як ірландскі бузукі, мандаліна, колавая ліра, віяланчэль. І, канечне, скрыпка, якой так шмат у песьнях.

Такім чынам, як і было паабяцана напачатку, рушым у «Край Паданьняў». Калі нехта яшчэ не зразумеў, Адарвірог – гэта імя галоўнага лірычнага героя, які бярэ ўдзел амаль у кожным паданьні. Але, зразумела, ён існуе ня ў нейкі пэўны час (далей яшчэ больш сакрэтаў будзе раскрыта), а праносіцца скрозь гісторыю. Ён ведае, што павінен удзельнічаць у бітвах, што выйдзе зь іх пераможцам і будзе да апошнага змагацца за тое, што яму дорага. Але не лічыце яго ідэальным, гэткім рыцарам на белым кані. Адарвірог і чарку-другую любіць прапусьціць, і дзевак паціскаць.


«Мы - лісоўцы, ваяры ды прапойцы, шляхта і соль беларускай зямлі! Няма нам закона, толькі гонар ды мамона, золата, дзеўкі і грамада».

А разам зь імі і Адарвірог зарабляе на забавы.

Але ж мужных учынкаў у героя таксама шмат. Разам з Тадэвушам Касьцюшкам ён абараняе краіну і памірае пад царскай карцеччу ў імя свайго народу ў 1863 годзе. Ён згарае ад полымя каханьня падчас эпідэміі Харэі. Мужны Адарвірог шукае каханую ў падпаленным Іванам Грозным Полацку і ​​заўсёды ідзе насуперак развазе і сьмерці – ідзе «Скрозь Пекла». Ён заўсёды на крок наперадзе, ён здольны змагацца за тое, за што варта змагацца.

І галоўны сэнс заключаны ў тым, што Адарвірог – алегарычны персанаж. Ён зьяўляецца прататыпам беларускага народу: моцнага, стойкага, нязломнага, гераічнага. Народу, які стагодзьдзе за стагодзьдзем змагаўся за свае ідэалы, за самавызначэньне, за тое, што мае найвялікшы кошт для кожнага чалавека. Адарвірог – гэта архітып, які ёсьць у кожнай гісторыі і бітве. Нарэшце, гэта той чалавек, якім музыкі жадаюць бачыць кожнага беларуса. Сьмелы ды адважны, але які не забывае і  на весялосьць ды гулянкі. Бо ідэальных народаў і людзей не існуе.


Такім чынам музыкі распавядаюць нам аб гістарычных момантах, якія вельмі важныя для нашай краіны. Але распавядаюць аб іх знутры, а ня так, як мы прывыклі бачыць. Колькі болю давялося перацярпець беларускаму народу. І толькі мужнасьць, трываласьць і любоў да Радзімы дапамагалі нам у нялёгкія моманты.

Моцныя тэксты прыпраўленыя ня менш моцным музычным складнікам. У месцах, дзе расьце сэнсавая нагрузка, музыка адпавядае ёй больш чым выдатна. Асабліва такі момант можна вылучыць у песьні «Скрозь Пекла», дзе пасьля распавяданьня аб пошуках каханай на рэштках спаленага гораду, пачынаецца сола гітары й скрыпкі. Менавіта гэта дае адчуць напружанасьць становішча і перажываньні героя. І такіх момантаў досыць у кожнай песьні. Але абыйдземся бяз спойлераў і захаваем крыху таямніцы. Прыемнага праслухоўваньня!