Пасьля першага праслухоўваньня альбому я быў крыху зьбянтэжаны пошукамі выхаду з музычнага лабірынту, які, нібыта незьлічоныя сьцежкі, створаны зь хітрага перапляценьня мноства флэшбэкаў ад музыкі, якую слухалі галоўныя стваральнікі гурта.


Я вось, напрыклад, бачу “Арию”, Iron Maiden, Stratovarius, Epica, Blind Guardian, але з таго, што можна вывесьці на першы план, я адзначу Nightwish і, гэта толькі мой погляд, творчасьць Роні Джэймса Дзіа. Але самі музыкі неяк адназначна свой стыль не вылучаюць. Сімфонік метал, лэндскейп метал, хард, мелодык метал – гэта ўсё мазаічныя элементы, якія заміксаваны ў "Trailblazer”.


Галоўны матор, у творчым плане, мозг калектыву – Натальля Малей – вельмі цёпла ставіцца да творчасьці Тар’і Турунэн, і, будучы галоўным кампазітарам, стварае такі музычны фон, каб жаночы вакал запазычыў толькі найлепшае ад фінскай метал-дзівы. Што датычыцца астатніх удзельнікаў, то такая вялікая колькасьць музычных адсылаў гаворыць пра смакавую стракатасьць, якую кожны зь іх спавядае.


Пачнём з таго, што агледзім вакальную частку. Заўсёды спадабаліся (ня толькі мне, а ўвогуле) вакалісты, якія маюць добрую вакальную базу, на якой быў створаны голас, які ў канчатковым выніку мы слухаем на запісе. Тое ж можна сьмела казаць і пра сьпявачку Alcyona. Больш за тое, мне спадабаўся цікавы момант у яе голасе: на высокіх момантах ейны голас гучыць бліжэй да Тар’і (оперны напрамак вакалу), але калі яна ідзе зьнізу ўверх, то “нізы” больш падобныя да цяперашняй фронтвумэн Nightwish – Флор Янсэн, якая зьяўляецца прадстаўніком эстраднай школы вакалу. Гэта крута! Проста крута! Паслухайце, вам, як і мне, вельмі спадабаецца. Самы паказальны момант знаходзіцца ў песьні “The Kings Of Show”.


Што датычыцца гітары, то, па словах гітарыста Яўгена, ён пазнаёміўся амаль з усімі напрамкамі, перад тым як ператварыцца ў такога музыку, якога мы ведаем на запісе. Хэві метал, хард рок, інды рок, нават кантры. Кантры, Карл! Адназначна гэта вельмі паказальны прыклад эклектычнага інструменталіста, які зьняў вяршкі з партый улюбёных гітарных ідалаў, а потым дастаў з чорнай скрыні тое, што мы чуем зараз! Больш за тое, ён стварыў буйную частку бэкаў на кружэлцы. Выдатная працаздольнасьць!


Ад рытм-секцыі чагосьці неймавернага чакаць не даводзіцца, бо асноўны акцэнт стварае вакал і клавішныя партыі. Але і тут ёсьць пра што напісаць. Вельмі шчыльны, а таксама вельмі моцны ўдарны біт толькі падкрэсьлівае адчуваньне цэльнага твору, які пачынаецца першай песьняй, а канчаецца апошняй нотай завяршальнай кампазіцыі. Ведаеце, пра гэта кажуць “вытрымана ў стылі” (і ставяць пячатку “approved”). Калі браць ва ўвагу, што ў падобных музычных накірунках такога вельмі часта не адбываецца, то гэты факт быццам сьмятана для ката для ўсіх нас!


Але што ўзьдзейнічае самым магічным вобразам, так гэта тое, што зьнешні вобраз рэзаніруе зь іх музычным дзецішчам, нібы саўндтрэкі Ханса Цымера да фільмаў Крыстафера Нолана (але, безумоўна, факт подпісу на нямецкі лэйбл таксама гаворыць аб многім). Відавочна, што зроблена вялікая праца: з моманту ідэі, да, пакуль што, крайняга рэлізу гурта. Таму я зраблю сьмелую заяву, бо такой падобнасьці на беларускай сцэне не хапае, як не хапае і чыстага, падрыхтаванага вакалу, зьмяшанага з заўсёды актуальнай музыкай.