100 год таму неабыякавыя людзі стварылі падмурак краіны, у якой мы з вамі жывём. Гэта былі цяжкія часы, у якіх нічога не было і не магло быць адназначна і проста... Факт у тым, што насуперак усім перашкодам быў зьдзейсьнены акт магутнае волі. 


Спадчына таго жывая і сёньня. І адчувальная ў многіх сферах, у культуры, у побыце, у модзе. І, канешне, у нашай роднай і блізкай стыхіі – у цяжкой музычнай плыні. Heavy Metal у Беларусі заўсёды быў датычны той магутнай волі, якая нарадзілася 100 год таму. Дакранаючыся да нашай плыні, слухаючы творы і наведваючы канцэрты беларускага металу, можна лёгка адчуць і ўбачыць сувязі, сімвалы, прысутнасьць нечага. Людзі цягнуцца да гэтага, і ты разумееш, што гэта тое, што мае быць. Нешта інтуітыўна зразумела-свойскае, роднае. Што бяз гэтага ўсё было б ужо не адметна і не цікава, не па-нашаму. 

І, таксама насуперак усім перашкодам, нашая музыка разьвіваецца і расьце. Людзі гуртуюцца, людзі зьбіраюцца і супрацоўнічаюць, робяць сваю справу, зьбіраюць па кроплі з далоняў і стараюцца ператварыць іх у мора. 

Дзякуй усім тым, хто робіць Heavy Metal у Беларусі. І дзякуй усім тым, who are possessed by Heavy Metal, што яны робяць Беларусь. 

Сёньняшні дзень – нашае сьвята. Сёньня Беларусь сьпявае свае песьні, і ў ладнай частцы гэтых песень абавязкова чуваць дысторшн.