Памятаеце, як у стужцы “Падарожжа металіста” галоўны герой, ён жа галоўны вандроўнік, вырашыў канчаткова даведацца пра тэмы д’ябла, цемры і сьмерці ў цяжкой музыцы? Спачатку ён запытаўся пра гэта ў Тома Арайі з гурта Slayer, а потым накіраваўся ў краіну фіёрдаў, сьнежную Нарвегію. Там ён знайшоў адказы на ўсе пытаньні. Вы напэўна ведаеце пра нарвежскі блэк метал, так? Далёка ісьці ня трэба – многія чулі гурты Mayhem і Burzum. Дык вось, яму трэба ў наш час паказаць альбом “Black Fire Pandemonium” гурта Sodomic Baptism. Замест сьнежнай Нарвегіі мы б пабачылі ня менш засьнежаную Беларусь (але ўсё ж такі якія ў Скандынавіі краявіды!).


Я сядзеў дома, слухаў у адной укладцы браўзера песьню “Too Close”, якую выконваў Alex Clare (калі ласка, не пытайце ў мяне, чаму і як так адбылося), а ў другой шукаў годны беларускі запіс зь сямейства цяжкай музыкі. Нечакана для сябе, я знайшоў гэта – Sodomic Baptism “Black Fire Pandemonium”! Гэта ж незвычайнае бурчаньне катлоў у пекле! У той момант я палічыў, што калі я, стоячы перад нябёснымі варотамі, буду разьмеркаваны да Люцыпара, то трэба пасьпець узяць гэтую кружэлку і, напрыклад, пакласьці ў кішэню. Калі быць прапоратым віламі нячысьціка, то, як гаворыцца, пад музыку!


Хлопцы і дзяўчыны (так-так, яны таксама – няма жаданьня быць асуджаным за сэксізм), калі вы шукалі штосьці, пад што п’е каву Аціла Чыхар (гугл у дапамогу), Харальд Неўдал (гугл) або Mikka A (здагадаліся? гугл!), то сьмела слухайце гэты рэліз! Тут усё як нам падабаецца, але аб гэтым ніжэй.


Па-першае, назва гурта. Калі быць дакладным, афармленьне. Усё ў лепшых традыцыях жанру: мноства мудрагелістых ліній, зломаў, складаныя для першага ўспрыманьня літары, амаль сімвалы, якія, бы шэрань на тонкім шкле ў марозную ноч, пераплятаюцца паміж сабою і ствараюць мастацкі шэдэўр. Гэта звычайны выраб, над якім працаваў (або працавалі) майстар з адназначна разьвітым ўяўленьнем, што кажа аб тым, што нават далёкі ад гэтай музыкі чалавек здольны вынесьці для сябе штосьці новае ў візуальным плане.


Далей мы бачым непасрэдна назву альбому і ілюстрацыю, якая гаворыць, не – крычыць аб тым, што нас чакае нешта маштабнае, нешта цёмнае. Паўгатычны шрыфт, жоўта-белае афарбаваньне, якое вылучае надпіс з агульнага малюнку – усё па прыгажосьці! Галоўны відарыс – можна дзівіцца адданасьці гурта стылю – таксама падкрэсьлівае музычны накірунак працы. Я вяду гаворку пра цэнтральную дыяграму, якая, нібыта перадапошні пазл у мазаіцы, вельмі добра ўспрымаецца вокам! І апошнім, самым важным у гэтым ансамблі, пазлам зьяўляецца вобраз Бафамета – астральнага боства, сімвалу сатанізму, усяго чорнага, што знаходзіцца ў глыбіні нашых душ, што, нібы чорная-чорная сажа, афарбоўвае і паглынае ці ня самы буйны сонечны прамень.


Чаму я так шмат распавядаю пра зьнешнюю частку? Таму што традыцыйна гэты стыль заўсёды быў ня проста музыкай. Гэта дзеяньне, гэта узьдзеяньне на слухача, каб стварыць атмасферу сярэднявечнага сатанізму. Менавіта гэтае, першае ўражаньне сфарміруе прызму, празь якую вы будзеце ўспрымаць гэтую працу. Але так, я разумею. Вы пытаецеся пра музыку, жадаеце прачытаць агляд на музычны альбом – таму мы пяройдзем да інструментальна-вакальнай часткі.


Мой адносна востры слых адчуў некалькі штрыхоў, якія ўспрымаюцца мной як вельмі прыемныя, дужа тэхнічныя і фірмовыя. Калі першы трэк заіграў у калонках, я пачуў, як ільлецца бас! Прафесійна зьведзены, ён гучыць вельмі аб’ёмна, вельмі дакладна. Калі вы нахіліцеся ў калодзеж і штосьці крыкнеце, вы пачуеце моцны гук, які будзе створаны мноствам адлюстраваньняў рэха ад унутраных сьценак – вельмі тапорна, на мяжы дапушчальнага, так можна апісаць маё першае ўражаньне. Адным словам – тлушч.


Характэрным вакалам ахутваецца кожная песьня. Я быў гатовы пачуць нешта ніжэйшай якасьці (стылістычныя асаблівасьці, ня больш – можна адкласьці гнілыя памідоры ўбок), але быў зьдзіўлены, зьдзіўлены ў найлепшым сэньсе! Вакалюга (бачна, што вельмі скілаваны, таму не вакаліст) расшчапляе ня толькі вярхі, але і нізы, што гучыць вельмі сакавіта. Быць можа, хтосьці жадае пачуць яго чысты голас? Мне было б цікава. Калі вам таксама, то, можа, напісаць яму ў VK ці на Bandcamp?


У канцы адзначу, што альбом слухаецца на адным дыханьні, не перагружаны лішнімі гукамі. Больш за тое, мае падтрымку за мяжой: з таго, што я пабачыў, гэта Мексіка і Партугалія, але я лічу, што насамрэч геаграфія куды шырэйшая. Таму наперад, толькі наперад! У апошнія гады беларуская цяжкая сцэна разьвіваецца сямімільнымі крокамі, і ад гэтага добра ўсім!