Прэзентацыя-канферэнцыя атрымалася адначасова і цёплай, лямпавай, па-сямейнаму вузкай і добразычлівай, і таксама ў нейкім сэньсе прахалоднай, ня вельмі падрыхтаванай: ведаеце гэта пачуцьцё, калі глядзіш з бацькамі фільм, а там ідзе ня вельмі зручны момант, і табе таксама няёмка? – некалькі такіх момантаў было, чаго хаваць :) Але гэта тое, за што я люблю такія сустрэчы – мы пабачылі звычайных прадстаўнікоў віду homo sapiens, якія таксама хвалююцца і перажываюць, але больш за тое – усёй душою радзеюць за сваё дзецішча!


Нікога лішняга не было. Прысутнічалі нават бацькі герояў вечару, якія вельмі і вельмі дапамагалі ня толькі ва ўсім працэсе арганізацыі мерапрыемства, але і стваралі пачуцьцё шчырасьці і натуральнасьці. Але, як мне па вялікім сакрэце расказалі ўдзельнікі гурта, яны іх аб гэтым ня вельмі прасілі :)


Гурт падышоў да мерапрыемства ў поўным узбраеньні. Мы пазнаёміліся ня толькі з непасрэдна творцамі, але і зь іх камандай. Я кажу не пра каманду падтрымкі (чырлідынг, усё такое). Я кажу пра каманду прафесіяналаў за сьпінаю артыстаў. Відэааператар, дзяўчына, якая адказвае за камунікацыю ў сеціве, кліпмэйкер... Адным словам, гурт пачынае ствараць вакол сябе ватагу людзей, якія клапоцяцца толькі аб адным – каб музыкі займаліся непасрэдна музыкай. Менавіта так з гуртоў узроўню гаража вырастае тое, што, ужо ператварыўшыся ў адзіны арганізм, на ўсіх парусах імчыцца на Wacken.


Я, шчыра кажучы, быў на мерапрыемстве такога фармату ўпершыню і, нагледзеўшыся прэзентацый гуртоў, якія зьбіраюць стадыёны, чакаў, магчыма, чагосьці іншага – адмысловых вядоўцаў, прамоваў, простых сьмяротных у публіцы. Але было штосьці, што лунала ў паветры і аб’ядноўвала ўсіх (падказка: гэта не дармовы вай-фай) – пэўная захопленасьць і цікавасьць да музыкаў з новага боку.


Цалкам праграма выглядала наступным чынам: спачатку галоўны ідэйны генератар гурта – клавішніца Натальля (якая разам з тым была канферансье імпрэзы) пацешыла раздадзенымі паперкамі з надпісамі, якія адказвалі на пытаньне “дзеля чаго я сёньня тут?”. У мяне было “прыйшоў солі папрасіць, не пазычыце?”. Як то ў вядомай стужцы, “свавольства ўдалося!”. 


Потым была галоўная частка – прэзентацыя. Вы ведалі, што з 1000 дыскаў, якія зрабіў лэйбл, 125 былі адасланыя да нямецкіх СМІ з мэтай укараненьня на мясцовай інфармацыйнай прасторы? І дыск тут ня проста дыск, а майстэрская праца: буклет, разварот, фота гурта, кадры з кліпа, непасрэдна фізічны носьбіт – проста Вялікая савецкая энцыклапедыя атрымліваецца!


Не абышлося без музычнай часткі. Я там быў, усё пачуў і пабачыў на свае вочы, таму вердыкт такі: вакалістка сьпявае, бы Тар’я Турунэн, гітарыст грае і сьпявае на амаль прафесійным узроўні, клавішы граюць, нібы па іх праходзіў Енс Юхансан, усе разам выглядаюць як адзіны гадзіньнікавы механізм фірмы Rolex. 


Пасьля ўсяго быў імянны, з назвай гурта і альбому, торт і, бы на рок-выступе, была зроблена агульная фатаграфія (праўда, я маргнуў).


Вось такім атрымаўся вечар з Alcyona. Прапануем паслухаць іх альбом "Trailblazer" і падзяліцца меркаваньнямі. І чакайце ад нас рэцэнзію.