Ёсьць вялікая колькасьць гуртоў у беларускім андэграўндзе ў вельмі розных напрамках цяжкай музыкі – дэз, блэк, постхардкор, металкор, прагрэсіў і г.д. Сёньня мы зробім крок насустрач гэтай, у некаторым сэнсе, нефармальнай пляцоўцы і будзем весьці бяседу з заснавальнікам гурта Whispers of Terra Пінчуком Сяргеем (С). Коратка рэзюмуючы (так, у пачатку), скажу, што ён просты хлопец, працавіты конік, які разам з другім гітарыстам стварыў гурт, прайшоў празь зьмены ў складзе, выпусьціў зь імі ЕР, а гэта значыць, што ў яго ёсьць, што распавесьці!




Таксама прапаную ініцыятыву – увесьці абрэвіятуру НХММ – новая хваля моладзевай музыкі, каб мы ведалі нашых! Таму пачнем з нашага першага прадстаўніка НХММ – гурта Whispers of Terra.



“Было жаданьне пакінуць у жыцьці штосьці, што будзе жыць вечна”


Як і ў каго ўпершыню ўзьнікла ідэя аб стварэньні гурта?


С: Уласна кажучы, ідэя аб стварэньні гурта належыць мне – Пінчуку Сяргею. Я таксама зьяўляюся гітарыстам нашага калектыву.



Чым кіраваліся пры стварэньні?


С: Усё вельмі проста. Менавіта тое ж, што рушыла большасьцю гуртоў. Хацелася самавыразу праз творчасьць, у гэтым выпадку – музыку. Было жаданьне падзяліцца сваімі музычнымі ідэямі зь людзьмі і пакінуць у жыцьці штосьці, што, можна сказаць, будзе жыць вечна!



Што накіроўвае зараз? Для чаго ўсё?


С: Цяпер гэта той жа самавыраз, жадаем дастукацца да людзей пры дапамозе сваёй творчасьці, музыкі, лірыкі. Звычайна, калі людзі кажуць, што музыка, якую мы ствараем, ім падабаецца – гэта вельмі добра (усьміхаецца)! Гэта дае вельмі моцную матывацыю працягваць ствараць і рухацца далей.



Emergenza, падрыхтоўка, таямніца


Нядаўна вы прайшлі ў другі тур фестывалю Emergenza. Падзяліцеся ўражаньнямі. Таксама пару словаў пра тое, як рыхтуецеся да другога этапу ў сакавіку.


С: Так, гэта так. Было вельмі крута! Мы былі прыемна зьдзіўленыя – нас вельмі парадаваў сур’ёзны падыход арганізатараў і партнёраў конкурсу. Нават атрымалі ад оргаў некалькі нішцякоў (дармовая рэпетыцыя на студыі і дысконтная картка крамы музычных інструментаў.)! Больш за тое, мы выступалі з нашымі сябрамі і калегамі па цэху – гуртамі Awakening Our Memories і НиТи. Былі вельмі задаволеныя, што мы ўсе разам прайшлі ў паўфінал.



Распавядзіце, як праходзіць падрыхтоўка? Можа, прыадкрыеце завесу таямніцы – што нас чакае ў сакавіку?


Чакае, па сутнасьці, выступ на паўгадзіны, у якім мы плануем паказаць свой найлепшы ўзровень. Зараз мы актыўна рэпетуем і працуем над агульным вобразам гурта. Наконт завесы – таямніца на тое і таямніца (сьмяецца). Усіх, хто жадае ўбачыць ці пачуць сюрпрыз – мы зь вялікай ласкай запрашаем 18 сакавіка ў “Бруге”.



“Працуем мы, як дэталі адзінага механізму, усе разам”


Я ведаю, што зараз вы працуеце над новым альбомам. Паведаміце нам, як ідзе гэты незвычайна цяжкі творчы працэс стварэньня музыкі: хто піша музыку, хто лірыку, як увогуле падзеленыя ролі ў гурце?


Так, мы зараз працуем, але, дакладна кажучы, гэта будзе наш першы поўнафарматны альбом, дагэтуль быў ЕР. Спадзяемся, у выніку будзе дарослая і сталая праца. Працуем мы, як дэталі адзінага механізму, усе разам. Кожны з нас уносіць штосьці: зьяўляюцца накіды тэкстаў, музыкі, таксама ідэі, аранжыроўкі ад усіх удзельнікаў. Бо кожны мае неабходныя навыкі валоданьня музычнымі інструментамі і напісаньня тэкстаў. Неяк так.



Гэта будзе канцэптуальны альбом, ці вы не прытрымліваецеся адзінага рэчышча?


Хм… (разважае). Усё ж гэта будзе запіс зь песьнямі на розныя тэмы. Так скажам, аб набалелым. Каханьне, бытавуха, патуга і г.д. Усё самае смачнае ;) (ухмыляецца, нібы гіена).




Якія глабальныя мэты ёсьць у будучыні? Сабраць Уэмблі, выступіць з Asking Alexandria, напрыклад, ці падпісаць кантракт з лэйблам?


Выступіць на Wacken ці Rock Am Ring (сьмяецца). Гэта ўсё, канешне, добра, і гучыць вельмі прыемна, але на самой справе такіх мэтаў няма. Бо перад тым, каб бегаць, чалавек вучыцца хадзіць. Усё паступова. Таму зараз мы плануем выхад альбому, яго падтрымку ў выглядзе канцэртаў, прасоўваньне ў сеціве, у сацыяльных сетках, магчыма, здымку кліпа, а ўжо разам з гэтым пошукі лэйбла, які будзе зацікаўлены ў нашым прасоўваньні ў Еўропе, на постсавецкай прасторы. А мы добра ведаем: там, дзе Еўропа, там і сур’ёзны падыход! Але гэта ўсё гісторыя для іншага інтэрв’ю.



“Мы не абмяжоўваемся адзіным стылем”


Якія гурт / песьні / альбомы /выканаўцы аказалі на вас найбольшы ўплыў і чаму?


Звычайна, на нас паўплывала вялікая колькасьць рознай музыкі, таму што ўсе хлопцы зьяўляюцца меламанамі і не абмяжоўваюцца толькі нейкім адзіным стылем. Але, калі казаць увогуле, то самы буйны ўплыў адбыўся з боку такіх гуртоў, як As I Lay Dying, The Devil Wears Prada, Bullet For My Valentine, Stigmata. Магчыма, я таксама жадаў высякаць выразныя рыфы, моцны перагружаны гук гітар. Спадабалася слухаць і міласныя меладычныя партыі, і пранізьлівы экстрым-вакал, які прымушае сэрца біцца часьцей.



Папса, канкурэнцыя, дзяржаўная падтрымка


Як бы ахарактаразавалі сучасную сітуацыю ў беларускай андэграўнднай музыцы? Што зьмянілі бы ці палепшылі? Ці прысутнічае канкурэнцыя?


На наш погляд, увогуле сітуацыя выглядае наступным чынам: метал быў, ёсьць і будзе. А тое, што ён відазьмяняецца і пачынае “папсець” – гэта зусім іншая гісторыя. Гуртоў хапае, нават больш чым. Існуюць вельмі вартыя і якасныя гурты, напрыклад Rise In Rage, Thornyway, Stanmarsh, Plemя, Loudscage. У іх добра ўсё – музыка, лірыка, паводзіны на сцэне. Было б вельмі прыемна, калі б была падтрымка з боку дзяржавы, бо ў нас усім займаюцца музыкі, як мы, і нават простыя хлопцы. Гэта журботна…




Накшталт канкурэнцыі, ёсьць гурты, якія спрабуюць спаборнічаць з іншымі, але, на маю думку, гэта глумна. Гэта ж творчасьць – яна ці ёсьць, ці яе няма. А паказваць сваю крутасьць перад іншымі гуртамі, якія менш тэхнічныя – гэта тое ж самае, што мерыцца ўсім вядомым ворганам))



“Працую масажыстам у буйной сетцы салонаў прыгажосьці”


Я лічу, што ўсе мы людзі, і менавіта вашым прыхільнікам было б цікава даведацца пра цябе па-за сцэнай. Кім працуеш, чым займаешся, якія ёсьць хобі?


Усе мы простыя і працавітыя хлопцы! Бо ў нашай краіне практычна неверагодна зарабляць грошы на аўтарскай музыцы, каб гэта было раўназначна звычайнай працы, на жаль…

Напрыклад, я маю медыцынскую адукацыю, працую масажыстам у буйной сетцы салонаў прыгажосьці. Таксама, у ліку маіх захапленьняў палеакасманаўтыка і альтэрнатыўная гісторыя.



Што да астатніх удзельнікаў?


Вось драмер Сяргей Чудук, напрыклад, працуе бухгалтарам на вялікім прадпрыемстве нашай краіны. Гітарыст Іван Лагацкі мае інжынерную адукацыю і працуе па спецыяльнасьці на дабро Радзіме. Нарэшце, у яго ёсьць схільнасьць да спорту ўвогуле і да футболу ў асобнасьці. Калі казаць пра вакаліста – Аляксея Машчара, то ён актыўна наведвае трэнажорную залу і любіць бодзібілдынг. Ён у нас самы здаровы (сьмяецца).



Замест эпілогу


Сяргей, апошняе пытаньне, мабыць, самае галоўнае. Гурт быў заснаваны ў далёкім 2013 годзе. Калі б у цябе была магчымасьць вярнуцца ў мінулае, то якія парады ты бы даў сабе маладому?


(Мазгуе) Менавіта я бы сказаў так: больш займайся музычнай тэорыяй.