Сьмела шкадуйце, тыя, хто ня трапіў у Re:Public увечары 17 верасьня. Тыя, хто не паверыў у бягучы этап творчасьці Яры Маэнпа і ягонай каманды, тыя, каго зьбілі з праведнага шляху нядаўнія буйныя прэм'еры.


Як высьветлілася, я дагэтуль нічога ня ведаў пра метал-канцэрты, маючы багаты багаж іх за плячыма. Ня ведаў, што гэта можа быць так хораша. Што можна несьці сваю музыку, аддаючыся настолькі шчодра, быць настолькі нязмушанымі і дружалюбнымі, выконваць усё настолькі да кожнай ноткі прафесійна, гучаць настолькі крыштальна чыста, так удала пагружаць у атмасферу сьвятлом і эфектамі. Ня ведаў, што ад жывога металу можна атрымаць такую асалоду.


Віртуоз-мультыінструменталіст Яры выдатна раскрыўся як вольны вакаліст-франтмэн, набраўшы каманду сапраўдных майстроў, якія бездакорна адлабвалі ўсе тэхнічныя партыі, кожная мелодыя і кожнае сола гучалі адзін-у-адзін як на студыйных запісах, уражвалі і вакальныя здольнасьці музыкаў, і іх падача, харызма, выгляд. Жывы склад Wintersun зараз вельмі і вельмі моцны.


Адменным быў сэтліст у сваёй разнапланавасьці і ўдалым разьмеркаваньні кампазіцый у пасьлядоўнасьці. Ён нагадваў прадстаўленьне зь некалькіх актаў і разгортваўся ступеньчата: распачыналася дзея 14-хвіліннай кампазіцыяй са сьвежага альбому – "Awaken From the Dark Slumber (Spring)", пасьля чаго быў зарад па нятленнай класіцы 13-гадовай даўніны: "Winter Madness", "Beyond the Dark Sun", "Death and the Healing", ад чаго перайшлі да чарговага эпіку, ужо 12-га году – "Sons of Winter and Stars". Кульмінацыяй была "зімняя" частка з чатырох "Лясных сезонаў" – "Loneliness (Winter)". Як жа цудоўна зайшоў ужывую яе прыпеў! Яшчэ крыху нятленнага – "Starchild" – і дабіць доўгай, напружанай, блэкавай "Eternal Darkness (Autumn)", пасьля чаго выйсьці на біс з насычанай і зьмястоўнай "Time". І скончыць так, як заканчваюцца аповеды або фільмы – на лагічнай кропцы і вычарпальна, ні дадаць, ні адняць.


Вынік. Сьвежы канцэптуальны альбом "The Forest Seasons", які ў студыйным варыяньце мог падацца слабым і непадобным на тую геніяльнасьць, якую мы чакаем ад Wintersun, зайграў ужывую новымі фарбамі. Лішні раз падкрэсьлю ідэальны гук, бездакорнае выкананьне і аддам належнае ролі сьвятла (фіны паставілі ўласнае абсталяваньне), якое ў розных колерах і адценьнях падкрэсьлівала настрой, зададзены музыкай, і растварала ў ёй. Прафесіяналізм музыкаў падкрэсьлівае яшчэ і той факт, што зь непрыстойна малалікай публікі яны зрабілі камерны канцэрт для сваіх і анігадкі не паказалі расчараваньня колькасьцю беларусаў на гэтым дэбютным для нашай краіны шоў, аддаваліся публіцы зь неверагоднай энэргіяй і зараджалі ёю і праз саму музыку, і праз сваю шчырасьць, нязмушаныя і дружалюбныя паводзіны. Я б ніколі не падумаў, што адзінаўласны мастэрмайнд топавага праекту Wintersun, каторы для запісу альбомаў патрабаваў ад лэйблаў набыць яму самую перадавую аргтэхніку і раней ня дужа імкнуўся выступаць ужывую, – што гэты чалавек апынецца зусім ня зоркай з раздутым ад геніяльнасьці эга, а будзе з публікай настолькі адкрытым, добразычлівым і роўным сярод роўных. Наколькі заніжанымі былі мае спадзяваньні, настолькі ж грандыёзна Wintersun праявіліся, уразілі да глыбіні душы, зьмянілі сьветапогляд, адкрылі новы вугал бачаньня канцэртаў і прымусілі паверыць у метал зноў. Безумоўны дзякуй! 


P.S. Кампанію "Вінтэрсанам" складалі іх суайчыньнікі, самураі Whispered, якіх грэлі італійскія меладэзеры Black Therapy, што надавала імпрэзе амаль што фестывальны фармат. Італійцаў, на жаль, пачуць не давялося, але, мяркуючы па запісах, прадукт у хлопцаў нядрэнны, і шкада, што іх сустрэла такая нешматлікая зала. А вось Whispered, чый дэбютнік асабіста я калісьці заслухаў да дзір, скажам так, проста не змаглі гэтым вечарам праявіцца. Можа, сваё ўзяў настрой ад малалікасьці гледачоў, можа, на ўспрыманьне паўплываў гук, які на іх быў так сабе, а можа, і відавочны статус супорт-гурта з асобным апаратам і цеснай сцэнай, але нічога асаблівага пра іх сказаць не давядзецца, урэшце, як і нічога дрэннага. Супорт быў сапраўды сімпатычны (на канцэртах бягучага сезону пакуль з супортам увогуле ўсё добра). Але, даруйце мне, пасьля такой фантастыкі ад хэдлайнераў уражаньні ад разагрэву сыходзяць на далёкі план.



Гэта была казка. А мараль казкі ў тым, што ніколі не рабі пасьпешных высноваў і ня скідвай заўчасна з рахунку ўлюбёныя гурты. Бо на прыкладзе цудоўных Wintersun аптымізм нешматлікай, але адданай сваім кумірам публікі быў узнагароджаны шматкрат.