Менавіта тут у думках пра космас лунаюць удзельнікі гурта Dzień Mastoŭ. Некаторы час таму пабачыў сьвет іх ЕР-запіс пад назвай “Astronauts don't cry”, у які ўвайшлі ўсяго 3 песьні, але не сьпяшайцеся ціснуць белы крыжык у правым верхнім куце манітора – тут ёсьць што паслухаць і што дадаць у свой плэйліст.

Пачнем з таго, што выпуск ЕР замест паўнавартаснай кружэлкі – вельмі добрая і распаўсюджаная практыка. Музыкі могуць атрымаць фідбэк ад слухачоў і, калі ён ня будзе іх задавальняць, зьмяніць напрамак сваёй творчасьці, але ў выпадку з гуртом, пра які ідзе гаворка, можна адразу заявіць – ім гэты сцэнар выкарыстоўваць ня прыйдзецца! 


Па-першае, гурт пасьпяхова выступіў у Менску і прайшоў у паўфінал фэстывалю Emergenza 2017/18, а як дакладна вядома, нішто так ня грэе душу, як прызнаньне тых, каму музыка прысьвечана. 


Па-другое, на старонцы гурта ўкантакце вы ўбачыце, што колькасьць выступаў не абмяжоўваецца толькі Менскам і толькі дадзеным фэстам. Музыкі распаўсюджваюць метал нават часьцей за гурты зь Менску, а гэта, самі разумееце, аб чымсьці гаворыць. Таму ня будзем цягнуць ката за *цэнзура*, а пачнем агляд на дадзены міні-альбом.


У фільме “Марсианин” з Мэтам Дэйманам галоўны герой вымушаны слухаць музыку ў жанры дыска, што яго вельмі не задавальняе. Калі б на яго касьмічным караблі была кружэлка “Astronauts don't cry”… але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.


Гурт вельмі коратка вызначае свой стыль – метал. І гэтаму ёсьць сваё апраўданьне – на кароткай кружэлцы з трох песень можна бачыць уплыў мноства стыляў – трэш, хэві, прагрэсіў, і, што мне спадабалася больш за ўсё, элементы сінты-попу з чыстым вакалам галоўнага сьпевака салігорскай фармацыі. 


Таксама музыкі зусім не прамалінейна раскрываюць галоўныя рыфы ў песьнях. Вельмі выразна, моцна і па-сучаснаму гучаць пераходы з чыстага на экстрым вакал, што адначасова падкрэсьліваецца адпаведнымі пераходамі гітары ад глушаных нот асноўнай тэмы да цяжкага рыку перагрузу. І, гэта нельга не падкрэсьліць, на сваім месцы ў квартэце знаходзяцца клавішы – яны вельмі тонка і ў неабходныя моманты дапаўняюць меладычнасьць заліхвацкіх лейтматываў металічных хлопцаў! Канешне, гэта ня Джон Рудэс, але гэта і ня ставіцца галоўнай мэтай і, здаецца, толькі б зьмясьціла фокус на клавіятуру – ці гэта патрэбна?


Гітара, бас, ударныя і клавішы гучаць як адзіны механізм, але, ў адрозьненьні ад бяздушных шасьцёрак, яны маюць подых жыцьця, аб’ём, і на кожнай песьні прыстасоўваюцца да новага настрою, які будзе амаль разрываць слухачоў на танцпляцы! Гэты пачак з чатырох чалавек дае хвалі энергіі, энергіі адухаванага, афармаванага металу, які запраўлены няспынным імпульсам насычанага груву. 


Астранаўты ня плачуць, як і мы, калі слухаем гэты самастойны творчы парыў айчынных металістаў зь Dzień Mastoŭ. Наадварот, у такія моманты зьяўляецца няздольнае жаданьне ўсім, хто з беларускай музыкі ведае толькі Саладуху і Песьняроў, адказаць адназначна і хутка: беларуская музыка мае месца быць, яна расьце, і, быццам пакуль яшчэ невялічкі цмок, рыхтуецца расправіць крылы, каб узляцець у нябёсы, і нават вышэй, у космас, і паказаць усім, што нават такі жанр, як метал, мае права на жыцьцё, разьвіцьцё і будзе і далей пашыраць уплыў, пакуль існуюць такія гурты, як фармацыя з Салігорску!